У Беларусі можна будзе разлічыцца з дапамогай QR-кода



Беларуская кампанія BeSmart стварыла тэхналогію SmartPay для QR-плацяжоў, асаблівасцю якой з’яўляецца магчымасць інтэграцыі ў любую пабочную праграму. Кампанія ўжо падала заяўку на прыярытэтнае выкарыстанне тэхналогіі SmartPay у ЗША і краінах Еўразвяза, паведаміў 18 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску дырэктар ЗАТ «БіСмарт» Раман Сушчынскі.

Паводле яго слоў, сутнасць тэхналогіі ў тым, што на мабільны тэлефон усталёўваецца праграма з сэрвісам SmartPay – гэта можа быць як банкаўская, так і праграма якога-небудзь рэтэйлера або пастаўшчыка паслуг. Выбраўшы пакупкі, пакупнік паведамляе касіру аб жаданні аплаціць іх QR-плацяжом. Адкрывае праграму, і на яе прыходзіць унікальны QR-код. Тэлефон трэба прыкласці да сканара, і аплата пацвярджаецца. Пасля аплаты ў праграму пакупніка прыходзіць электронны чэк.

Бяспека плацяжу забяспечваецца тым, што транзакцыя разбіваецца на некалькі лагічна не звязаных частак. Пры гэтым у смартфон карыстальніка трапляе толькі частка інфармацыі, якая ніяк не можа быць выкарыстаная зламыснікамі для ўзлому.

Як адзначаюць распрацоўшчыкі, тэхналогія можа абсалютна змяніць спажывецкі рынак Беларусі. «Мы вырашылі праблему бяспекі плацяжоў пры дапамозе QR-кода. Таму ключавой асаблівасцю SmartPay зʼяўляецца магчымасць бяспечнай імплементацыі сэрвісу ў любую пабочную праграму, а не толькі банкаўскую. Гэта робіць тэхналогію цікавай не толькі для беларускага, але і для заходніх рынкаў», – падкрэслівае дырэктар кампаніі «БіСмарт».

Новая тэхналогія прадугледжвае гнуткае кіраванне асабістымі фінансамі: сэрвіс не прывязаны да пэўнага рахунку, а дазваляе карыстальніку выбіраць, з якой крыніцы аплачваць куплю або паслугу – з банкаўскага рахунку, карткі або электроннага кашалька.

З дапамогай гэтай тэхналогіі можна здзяйсняць і прымаць плацяжы без выкарыстання інфраструктуры міжнародных плацежных сістэм. Гэта азначае, што рэтэйл зможа істотна эканоміць на эквайрынгу. «Сёння кошт гандлёвага эквайрынгу для рэтэйлераў складае прыблізна 1-2%. Выкарыстанне тэхналогіі SmartPay дазваляе знізіць яго прыкладна на траціну. Гэта дазволіць сэканоміць буйным раздробным сеткам дзясяткі мільёнаў долараў у год», – сцвярджае Сушчынскі.

Паводле яго слоў, банкі, з якімі вялі перамовы распрацоўшчыкі, успрынялі новую тэхналогію з вялікай цікавасцю. «Мы бачым, што даходы банкаў як мінімум не знізяцца. Замест заробку на картачных плацяжах яны будуць зарабляць на плацяжах па QR-кодах, і даход з кожнай аперацыі застанецца тым жа. Пры гэтым знікнуць плацяжы на карысць міжнародных плацежных сістэм і знізяцца выдаткі на эмісію карт і дарагі працэсінг», – растлумачыў дырэктар «БіСмарта».

Тэхналогія ўжо прайшла тэставанне ў сетцы «Еўраопт». Генеральны дырэктар кампаніі «Еўрагандаль» Андрэй Зубкоў прызнае, што магчымасць убудоўваць плацежны сэрвіс у праграмы рэтэйлераў адкрывае для спажыўца новыя гарызонты. У Беларусі цяпер паралельна развіваецца некалькі сэрвісаў QR-плацяжоў, якія дазваляюць звяртацца да банкаўскіх рахункаў, абмінаючы міжнародныя плацежныя сістэмы. Аднак асноўнай прычынай таго, што найбуйнейшы ў краіне рэтэйлер прыняў рашэнне па ўкараненні SmartPay, стала магчымасць убудоўвання сэрвісу ў праграму рэтэйлераў.

БелаПАН