У Беларусі на складах назапасілася каля 3 мільёнаў куб. м. драўніны
Грамадскасць і апазіцыйныя палітыкі занепакоеныя пагрозай вынішчэння беларускіх лясоў. На акаўнце сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўла Севярынца абмяркоўваецца “чарнавік” інтэрнэт-петыцыі, у якой аўтары заклікаюць уладу прыпыніць маштабныя высечкі лясоў пад выглядам змагання з жуком-караедам.
Гомельскі прадпрымальнік Яўген Скочка, чый бізнес звязаны з выкарыстаннем дрэва ў будаўніцтве, звяртае ўвагу на тупіковасці сітуацыі.
– Зараз проста катастрафічная сітуацыя з караедам. Проста эпідэмія прыйшла з Украіны. Нашы своечасова не заўважылі. І цяпер праўда лес трэба высякаць, бо інакш сапраўды леса не застанецца. З-за ураганаў, караедаў, кліматычных нейкіх умоваў у нас час ад часу паўстае сітуацыя, калі шмат лесу назапашваецца на складах. Але вось 3 мільёны, як зараз, ніколі не было такой лічбы. Сапраўды катастрофа нейкая з рэалізацыяй. Нармалёвая дзяржава прыдумала б як на гэтым зарабіць. У нас згніе, я ўпэўнены.
Паводле заяваў старшыні Камітэта дзяржкантролю Леаніда Анфімава, якое прагучала ў траўні гэтага году, на складах Беларусі назапасілася каля 3 мільёнаў куб. м. драўніны. Для рэалізацыі запасаў матэрыялаў кіраўнік дзяржавы зняў забарону на экспарт 0,9 мільёна куб.м. леса-кругляка.
Беларускае Радыё Рацыя