У Беларусі не хапае больш за 80 тысяч работнікаў



У Беларусі не хапае 84-х тысяч работнікаў – гэта вынікае з дадзеных агульнарэспубліканскага банку вакансій. З усіх прапаноў наймальнікаў 31 тысяча – на зарплату да пяцісот рублёў. Пры гэтым варта ўлічваць, што наймальнікі звычайна ў вакансіі ўказваюць зарплату да выплаты падаткаў, а значыць на рукі выйдзе яшчэ менш. Зарплату ад адной тысячы рублёў абяцаюць па амаль 11-ці тысячам вакансій. Калі казаць пра тое, якіх работнікаў не хапае, то гэта найперш кіроўцаў – больш за 3,5 тысячы, а таксама трактарыстаў, электраманцёраў, прадаўцоў, повараў, электра-газа-зваршчыкаў, дарожных рабочых. Шмат вакансій для будаўнікоў: ад каменшчыкаў – да муляраў. У дэфіцыце таксама медработнікі: лекары-спецыялісты, медсёстры і фельдчары.

Пры гэтым у базе вакансій ёсць дзіўныя прапановы працы, якія размясцілі яшчэ ў 2016 годзе. Верагодна, што гэтыя прапановы страцілі сваю актуальнасць. У Міністэрстве працы на сакавіцкай анлайн-канферэнцыі тлумачылі, што абнаўляюць базу пастаянна, і імкнуцца да таго, каб неактуальная інфармацыя знікала з банку вакансій як мага хутчэй.

Паводле tut.by

Фота МН