У Беларусі не выкананы план уладаў па росце эканомікі ў 2018 годзе
Валавы ўнутраны прадукт Беларусі за 2018 год, згодна з першай ацэнкай, у наяўных цэнах склаў 121,6 млрд рублёў і вырас у супастаўных цэнах на 3% да ўзроўню 2017 года, паведамляе Белстат.
Пры гэтым афіцыйны прагноз уладаў прадугледжваў, што паводле вынікаў 2018 года ВУП павялічыцца на 3,5%. Такім чынам, рост эканомікі аказаўся меншы, чым планавалі ўлады.
Тэмпы росту беларускай эканомікі паступова запавольваліся на працягу ўсяго 2018 года. Калі ў студзені ВУП вырас на 4,8%, студзені—лютым — на 5,7%, то ўжо з сакавіка назіралася зніжэнне тэмпаў росту: у студзені—сакавіку ВУП вырас на 5,2%, студзені—красавіку — на 4,8%, студзені—маі — на 4,7%, студзені—чэрвені — на 4,6%, студзені—ліпені — на 4,5%, студзені—жніўні — на 3,7%, студзені—верасні — таксама на 3,7%, студзені—кастрычніку — на 3,5%, студзені—лістападзе — на 3,2%.
Улады Беларусі чакаюць, што ў першым квартале 2019 года тэмпы эканамічнага росту істотна замарудзяцца ў параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года. У першым квартале мінулага года рост ВУП меў аднаўленчы характар і склаў 5,1%. Зараз урад чакае, што ў першым квартале 2019 года эканамічны рост складзе ўсяго 0,6%.
Разам з тым ва ўрадзе разлічваюць, што ў наступныя кварталы 2019 года эканоміка будзе паступова паскарацца. Згодна з вынікамі першай паловы года чакаецца рост ВУП на 1,8%, студзеня—верасня — на 3,1%, года — на 4%.
Міжнародныя фінансавыя арганізацыі не падтрымліваюць афіцыйны прагноз, лічачы, што ў 2019 годзе эканоміка краіны будзе расці больш павольна, чым у 2018-м. Так, згодна з прагнозам МВФ, рост беларускага ВУП у 2019 годзе замарудзіцца да 2,5%.
Аналітыкі Сусветнага банка раней адзначалі, што галоўная задача Беларусі — знайсці спосабы пераходу ад цыклічнага ўздыму да ўстойлівага структурнага аднаўлення эканомікі. „Без структурных зменаў рост у сярэднетэрміновай перспектыве прагназуецца на ўзроўні 2—2,5% на год”, — падкрэслівалі эксперты.
Паскарэнне эканамічнага росту ў Беларусі, заявілі яны, „патрабуе павышэння эфектыўнасці ў размеркаванні рэсурсаў, далейшага спрашчэння ўмоў вядзення бізнесу, стымулявання інвестыцый і ўмацавання даверу да дзяржаўных інстытутаў”.
„Для ўстойлівага павышэння ўзроўню жыцця неабходныя эканамічныя, сацыяльныя і інстытуцыйныя пераўтварэнні, што грунтуюцца на ўзмацненні ролі прыватнага сектара, павышэнні эфектыўнасці дзяржаўных прадпрыемстваў і ўмацаванні сістэм сацыяльнай абароны”, — лічаць эксперты Сусветнага банка.