У Беларусі пачала працаваць новая пенсійная сістэма



У Беларусі пачала працаваць сістэма добраахвотнага назапашвальнага пенсійнага страхавання. Наколькі такі фармат апынуўся цікавы беларусам, у эфіры АНТ расказала міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касцевіч.

Па словах чыноўніцы, за 20 дзён ужо больш за тры тысячы беларусаў заключылі дамовы на дадатковую назапашвальную пенсію.

– 60% – гэта жанчыны. Калі браць узроставыя крытэры, то гэта работнікі, якія старэйшыя за 40 гадоў, — заявіла Касцевіч.

Міністр растлумачыла на канкрэтным прыкладзе, колькі работнік сярэдняга ўзросту зможа назапасіць для атрымання прыбаўкі да пенсіі: калі чалавек выбірае пасля выхаду на пенсію на працягу 5 гадоў атрымліваць гэтую суму, гэта 660 рублёў дадатковай пенсіі, якую ён атрымае ў дадатак да дзяржаўнай. Калі ён выбірае 10 гадоў атрымліваць, то адпаведна гэта ўжо 330 рублёў.

Па словах Ірыны Касцевіч, такая прапанова выгадная для ўсіх удзельнікаў  працэсу – чалавека, наймальніка і страхавой кампаніі.