У Беларусі пачалі эмітаваць карткі UnionPay
„Белгазпрамбанк” з лютага 2019 года першым у Беларусі пачаў выпуск картак найбуйнейшай плацежнай сістэмы Кітая UnionPay, паведаміў 21 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік старшыні праўлення банка Кірыл Бадзей.
„Гэтая падзея па-свойму ўнікальная. Мы назіраем прыход на фінансавы рынак Беларусі яшчэ аднаго глабальнага гульца. Гэтая падзея пацягне за сабой шэраг змен для нашага рынку. У прыватнасці будзе спрыяць росту канкурэнцыі, прыходу новых тэхналогій і сэрвісаў, а таксама дасць новыя магчымасці кліентам”, — заявіў намеснік кіраўніка „Белгазпрамбанка”.
У сваю чаргу кіраўнік прадстаўніцтва UnionPay у Расійскай Федэрацыі і Беларусі Саша Фань падкрэсліў, што гэтая падзея знакавая для кітайскай плацежнай сістэмы. „Запуск эмісіі заклаў падмурак для развіцця UnionPay у Беларусі, што дазволіць развіваць супрацоўніцтва і арганізаваць зручнасць і бяспеку штодзённых аперацый з выкарыстаннем карт UnionPay як на тэрыторыі краіны, так і за яе межамі”, — адзначыў кіраўнік прадстаўніцтва.
Паводле яго слоў, UnionPay супрацоўнічае з больш як дзвюма тысячамі банкаў-партнёраў, забяспечвае прыём карт больш як у 52 млн гандлёвых пунктаў і 2,6 млн банкаматах. У тым ліку за межамі Кітая — у больш як 20 млн гандлёвых пунктаў і 1,7 млн банкаматах. UnionPay супрацоўнічае з „Белгазпрамбанкам” з 2011 года. За гэты час прыём карт забяспечаны ў больш як 200 банкаматах і 6 тыс. тэрміналаў.
„Мы спадзяемся, што вынікі сумеснай працы не прымусяць чакаць, а колькасць выпушчаных карт у Беларусі будзе вылічацца тысячамі або дзясяткамі тысяч”, — сказаў Саша Фань.
Прадстаўнік UnionPay адзначыў, што эмісія картак на беларускім рынку становіцца асабліва актуальнай з улікам хуткіх тэмпаў росту супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў эканоміцы, адукацыі і турызме. Гэты прадукт таксама будзе запатрабаваны ў сувязі з развіццём праектаў кітайска-беларускага індустрыяльнага парку „Вялікі камень”.
„Белгазпрамбанк” ажыццяўляе выпуск картак класічнага варыянту — UnionPay Classic (картка ўзроўню Mastercard Standard/Visa Classic), а таксама прэміяльнага сегмента UnionPay Platinum. Плацежная картка можа быць выпушчаная як разліковая (у якасці асноўнай і дадатковай да рахунку), так і як дадатковая да зарплатнага рахунку. Карткі зараз выпускаюцца ў чатырох валютах: беларускіх альбо расійскіх рублях, доларах ЗША, еўра.
„Пакуль юань у лінейцы карт не прысутнічае, разлікі з плацежнай сістэмай ажыццяўляюцца ў еўра. Таму найбольш выгадны варыянт афармлення карты — у еўра ці беларускіх рублях”, — сказаў дырэктар дэпартамента развіцця і суправаджэння раздробнага бізнесу „Белгазпрамбанка” Дзмітрый Фурс.
„Рубль — паколькі мы даходы атрымліваем у рублях і папаўненне карты не цягне дадатковых курсавых розніц пры транзакцыі. Еўра — калі кліент разлічваецца за мяжой, то канвертацыя з валюты транзакцыі ажыццяўляецца плацежнай сістэмай па сваім курсе ў еўра, і еўра мы адлюстроўваем па рахунку ў еўра без дадатковай канвертацыі”, — растлумачыў прадстаўнік „Белгазпрамбанка”.
„Белгазпрамбанк” заснаваны ў 1990 годзе, кантралюецца групай „Газпрома” і займае вядучыя пазіцыі ў сферы крэдытавання прыватнага сектара беларускай эканомікі, а таксама раздробнага крэдытавання. На 1 лістапада 2018 года па велічыні актываў „Белгазпрамбанк” займаў 3-е месца ў беларускай банкаўскай сістэме і з’яўляецца найбуйнейшым прыватным банкам краіны. Уключаны Нацыянальным банкам Беларусі ў лік сістэмна значных банкаў.