У Беларусі пачнуць прадаваць чыпсы з цвыркуноў
Чыпсы з цвыркуноў з’явяцца ў беларускіх крамах у новым годзе. Іх будуць выпускаць менскі стартап «Онта-біятэхналогіі” і кампанія „Анега”. Наступныя на чарзе – батончыкі.
Строга кажучы, чыпсы не адрозніваюцца па выглядзе ад звычайных і з іх не тырчаць лапкі насякомых. Цвыркуновай мукі ўсяго 2%, але гэтага дастаткова, каб у складзе з’явіліся бялок і хітын.
Хітын карысны для стрававання і спрыяе пахуданню, часам выкарыстоўваецца ў фармакалогіі. Так што, верагодна, гэтыя чыпсы будуць больш карыснымі, чым усе астатнія.
Рэцэптуру ўжо зацвердзілі і зрабілі пробную партыю. Частка яе была сфатаграфаваная і з’едзена падчас інтэрв’ю. «Зялёны партал» заяўляе: гэта смачна, але не экстрэмальна. Аўтар ідэі і кіраўнік стартапа, у мінулым рэжысёр, Сяргей Макараў упэўнены, што ў іх ёсць прысмак семак.
Чыпсы будуць трох відаў: з соллю, цыбуляй і смятанай і чымсьці мясным (пакуль не вырашылі). Кардонная ўпакоўка вагой 75 грамаў будзе каштаваць 3,90 руб. Пачаць продаж плануюць у пачатку года.
Паводле greenbelarus.info
