У Беларусі пачынае дзейнічаць абноўлены Працоўны кодэкс



Абноўлены Працоўны кодэкс (ПК) набыў моц 28 студзеня 2020 года.

Закон аб унясенні паправак у ПК быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 3 ліпеня мінулага года.

Сярод новаўвядзенняў: магчымасць часовага (да шасці месяцаў) пераводу работнікаў ад аднаго наймальніка да іншага згодна з дамовай бакоў з гарантыямі вяртання на старую працу і захавання ўзроўню заработнай платы; абавязак работніка заключаць з наймальнікам тэрміновы працоўны дагавор у выпадках сумяшчальніцтва.

У ПК з’явіўся раздзел, які рэгулюе дыстанцыйную працу. Раней такая форма працоўных адносін не рэгулявалася.

Бацька зараз можа ісці ў адпачынак на працягу шасці месяцаў пасля нараджэння дзіцяці на тэрмін да 14 каляндарных дзён, але без захавання зарплаты. Уведзенае паняцце „адзінокі бацька” — на яго распаўсюджваюцца тыя ж гарантыі, што і на адзінокую маці.

У абноўлены ПК увайшлі нормы прэзідэнцкага дэкрэта № 29 „Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны”, які ўвёў сістэму кароткатэрміновага (гадавога) кантрактнага найму на працу. Пры гэтым прадугледжаныя дадатковыя гарантыі „добрасумленным работнікам”. З імі гадавы кантракт можа працягвацца да пяці гадоў, а пасля — не менш як на тры гады.

Папраўкі ў ПК былі ўспрынятыя неадназначна. Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), куды ўваходзяць чатыры незалежныя прафцэнтры, назваў дакумент „адным з найгоршых у свеце”.

„Законапраект замацаваў у Працоўным кодэксе права наймальнікаў заключаць кароткатэрміновыя кантракты з усімі катэгорыямі работнікаў без іх згоды. Такім чынам, Беларусь канчаткова ператварылася ў адзіную ў свеце краіну часовай занятасці, дзе кантрактная форма найму з выключэння стала правілам. Следствам імплементацыі ў ПК норм дэкрэта № 29, якім была ўведзеная практыка пераводу работнікаў на тэрміновыя працоўныя кантракты, заканадаўча замацавана немагчымасць іх звальнення паводле ўласнай ініцыятывы, што з’яўляецца, па сутнасці, элементам прымусовай працы”, — адзначалася ў заяве БКДП.

Прадстаўнікі кангрэса лічаць, што паўсюднае прымяненне норм дэкрэта № 29 „пацягнула трансфармацыю дамоўных працоўных адносін, якія грунтуюцца на волевыяўленні бакоў, у заканадаўчы інструмент прымусу, а гэта супярэчыць нормам канвенцыі № 29 МАП аб забароне прымусовай працы”.

Акрамя таго, прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў звяртаюць увагу на замацаванне ў абноўленым ПК норм дэкрэта № 5 „Аб павышэнні адказнасці кадраў кіравання і работнікаў арганізацый”. Гэта, паводле іх ацэнкі, „пашырыла падставы звальнення работнікаў з ініцыятывы наймальніка і ўзаконіла празмерныя дысцыплінарныя пакаранні работнікаў”.

„Рада БКДП лічыць, што прыняты Нацыянальным сходам законапраект наўпрост супярэчыць вырашэнню праблем і выклікаў, якія стаяць перад краінай. Замест стварэння ўмоў для рэалізацыі ініцыятывы работнікаў, востра неабходных у перыяд трансфармацыі эканомікі, у ПК уносяцца змены, якія ператвараюць працоўных у прыгонных і безыніцыятыўных выканаўцаў. Усе гэта яшчэ больш пагоршыць становішча, у якім знаходзіцца эканоміка краіны, і, па сутнасці, выключае магчымасць выкарыстання для яе пераўтварэнняў чалавечага фактару, патэнцыялу работнікаў”, — падкрэслівалі ў БКДП.

belapan.by