У Беларусі падаражэюць гарадскія тэлефоны і паштовыя адпраўленні
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) перагледзела тарыфы на паслугі электрасувязі і паштовай сувязі агульнага карыстання. Адпаведная пастанова (№ 84 ад 27 лістапада) 5 снежня апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Дакумент уносіць змены ў пастанову МАРГ № 12 ад 13 лютага 2017 года.Так, згодна з пастановай штомесячная абаненцкая плата за асноўны, уключаны ў асобную абаненцкую лінію тэлефон індывідуальнага карыстання падаражэе на 9,6%; пачасовая плата за кожную поўную або няпоўную хвіліну злучэння — на 8,4%; міжгароднія тэлефонныя размовы — на 7,4%.
Папярэдні раз паслугі электрасувязі даражэлі ў Беларусі ў сакавіку 2017 года.
Таксама на 14,2% вырастуць тарыфы на перасылку простых адпраўленняў у межах Беларусі.
Папярэдні раз тарыфы на паслугі паштовай сувязі падымаліся 2 красавіка 2018 года.
Новыя тарыфы пачнуць дзейнічаць праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання.