У Беларусі падвышаны бюджэт пражытковага мінімуму



У Беларусі з 1 лютага падвышаны бюджэт пражытачнага мінімуму і мінімальныя спажывецкія бюджэты.

Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 24 студзеня № 7 усталяваны бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах насельніцтва ў цэнах снежня 2017 года, якія дзейнічаюць з 1 лютага па 30 красавіка.

БПМ складзе: 199,32 рубля — у сярэднім на душу насельніцтва (на 1,51 рубля больш, чым раней); 219,42 — для працаздольнага насельніцтва (1,68); 153,22 — для пенсіянераў (1,25); 193,93 — для студэнтаў (1,59); 129,87 — для дзяцей ва ўзросце да трох гадоў (1,55); 178,51 — для дзяцей ва ўзросце ад трох да шасці гадоў (1,47); 217,81 — для дзяцей ва ўзросце ад шасці да васямнаццаці гадоў (0,96).

Бюджэт пражытачнага мінімуму ўяўляе сабой вартасную велічыню мінімальнага набору прадуктаў харчавання, нехарчовых тавараў і паслуг, неабходных для захавання здароўя чалавека і забеспячэння яго жыццядзейнасці. Пражытачны мінімум для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва складаецца з мінімальных набораў прадуктаў харчавання, нехарчовых тавараў і паслуг.

У Беларусі таксама зацверджаныя новыя памеры мінімальнага спажывецкага бюджэту (МСБ), якія будуць дзейнічаць з 1 лютага па 30 красавіка 2018 года.

Згодна з пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны № 8 ад 24 студзеня, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, МСБ у сярэднім на душу насельніцтва павялічыцца на 4 рублі 80 капеек.

Устаноўлены наступны МСБ для розных сацыяльна-дэмаграфічных груп у сярэднім на душу насельніцтва і на аднаго члена сям`і: працаздольнае насельніцтва — 420,6 рубля; пенсіянеры — 331,82; студэнты — 313,91; дзеці да трох гадоў — 266,56; дзеці ад трох да шасці гадоў — 348,44; дзеці ад шасці да васямнаццаці гадоў — 358,7; сям`я з чатырох чалавек — 328,45; маладая сям`я з трох чалавек — 356,1.

Мінімальны спажывецкі бюджэт уяўляе сабой расходы на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальнення асноўных фізіялагічных і сацыяльна-культурных патрэбаў чалавека. 

Мінімальны спажывецкі бюджэт прымяняецца як сацыяльны нарматыў для прагназавання зменаў узроўню жыцця насельніцтва і ўзмацнення сацыяльнай падтрымкі маламаёмных грамадзян.

belapan.by

Фота vitvesti.by