У Беларусі пашырана сетка платных дарог
З 1 снежня 2018 года ў рамках рэалізацыі доўгатэрміновай праграмы ўрада па пашырэнні ў Беларусі сеткі платных дарог іх працягласць будзе павялічана за кошт далучэння трох новых участкаў.
У выніку ў сістэму электроннага збору платы за праезд па платных дарогах BelToll дадаткова ўключана 113 кіламетраў рэспубліканскіх дарог.
Новы этап пашырэння сеткі платных дарог прадугледжвае ўключэнне ў сістэму BelToll двух участкаў аўтамабільнай дарогі М-6 / Е 28 Менск — Гародня — мяжа Рэспублікі Польшча (Брузгі) і ўчастка аўтамабільнай дарогі P-28 Менск — Маладэчна — Нарач.
Як паведамляе BelToll, агульная працягласць сеткі платных дарог у Рэспубліцы Беларусь цяпер складае 1.726 кіламетраў.
Камерцыйная эксплуатацыя электроннай сістэмы BelToll была пачата 1 жніўня 2013 года, і з тых часоў працягласць платных дарог паслядоўна пашыраецца. Сістэма заснавана на выкарыстанні тэхналогіі спецыялізаванай радыёсувязі на кароткіх адлегласцях. Дадзеная тэхналогія дазваляе карыстальнікам дарогі аплачваць праезд без прыпынку транспартных сродкаў у пунктах збору аплаты.
Выкарыстанне сістэмы абавязковае для ўсяго транспарту цяжэй за 3,5 тон, а таксама для транспарту не з ЕАЭС, чыя вага меншая за 3,5 тон.
belapan.by