У Беларусі пашыраны пералік сацыяльна значных тавараў
Пашыраны пералік сацыяльна значных тавараў, цэны на якія могуць часова рэгулявацца дзяржавай, паведамляе прэс-служба Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Пералік дапоўнены такімі пазіцыямі, як субпрадукты мясныя харчовыя (акрамя субпрадуктаў з птушкі); каўбаса паўвэнджаная, варана-вэнджаная; маргарын; крупы ячныя; свежы часнок; свежы перац салодкі; папяровыя сурвэткі.
На 2021 год урад паставіў задачу абмежаваць рост цэн на сацыяльна значныя тавары ў межах 4,9%, адзначае міністэрства.
Нагадаем, МАРГ стаў рэгуляваць цэны на сацыяльна значныя тавары з красавіка мінулага года, калі на фоне пандэміі і росту курсаў замежных валют выраслі дэвальвацыйныя і інфляцыйныя чаканні. З таго часу міністэрства пастаянна (штоквартальна) працягвае на 90 дзён дзеянне пастановы, згодна з якой рэгулююцца цэны на спажывецкім рынку.
Між тым беларускія эканамісты мяркуюць, што калі ў краіне пачаць рэгуляваць цэны „па ўсіх напрамках”, то гэта можа мець вынікам узнікненне дэфіцыту тавараў на ўнутраным рынку.
„У крайніх выпадках адміністрацыйнае ўмяшанне можа прыводзіць да знікнення альбо дэфіцыту пэўных тавараў, якія вытворцам нявыгадна прадаваць па рэгуляваных цэнах”, — падкрэсліла ў каментары БелаПАН акадэмічны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова.