У Беларусі патаннелі даляр і еўра
Даляр ЗША і еўра патаннелі ў Беларусі на біржавых таргах 2 красавіка на фоне ўмацавання расейскага рубля.
Па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы, курс амерыканскай валюты знізіўся на 0,80 капейкі, або на 0,31%, і склаў 2,5893 рубля.
Курс еўра зменшыўся на 1,58 капейкі (0,55%) і склаў 2,8320 рубля.
Курс расейскага рубля вырас на 3,22 капейкі (1,01%) да 3,3201 беларускага рубля за 100 расейскіх.
У курсаўтварэнні Нацбанк выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расейскага рубля складае 50%, даляра ЗША і еўра — 30 і 20%.
Беларускі рубель рэагуе на дынаміку курсу расейскага рубля, якая шмат у чым залежыць ад цэн на нафту. Нафтавыя рынкі аднавіліся пасля нядаўніх рэзкіх страт — калі днём раней нафта каштавала каля 25 даляраў за бараль, то сёння падаражэла да 27 даляраў.
Курс долара ў Расеі 2 красавіка на таргах Маскоўскай біржы таксама пачаў зніжацца. Калі днём раней паўночнаамерыканская валюта каштавала каля 79 расейскіх рублёў, то 2 красавіка — менш за 78 за адзін долар.
Нацбанк Беларусі раней у сваім сакавіцкім каментары адносна сітуацыі на валютным рынку канстатаваў, што попыт на замежную валюту значна вырас, але ў краіне захоўваецца рэжым плаваючага курсу і валютныя інтэрвенцыі будуць ажыццяўляцца ў абмежаваных аб’ёмах. „Нацыянальны банк працягне ажыццяўляць маніторынг сітуацыі і пры неабходнасці будзе прымаць аператыўныя меры рэагавання”, — папярэдзіў рэгулятар.