У Беларусі павышаны бюджэт пражытачнага мінімуму



1 лютага ў Беларусі павышаныя бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) і мінімальныя спажывецкія бюджэты (МСБ).

Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 23 студзеня зацверджаныя новыя памеры бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах, якія будуць дзейнічаць з 1 лютага па 30 красавіка.

Бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ўстаноўлены ў 216 рублёў 90 капеек, што на 1,3% больш у параўнанні з нарматывам, які дзейнічаў з 1 лістапада 2018 года па 31 студзеня 2019 года (214,21 рубля).

Бюджэт пражытачнага мінімуму па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах (у цэнах снежня 2018 года): працаздольнае насельніцтва — 240 рублёў 80 капеек; пенсіянеры — 166 рублёў 32 капейкі; студэнты — 210 рублёў 42 капейкі; дзеці да трох гадоў — 140 рублёў 25 капеек; дзеці ад трох да шасці гадоў — 192 рублі 22 капейкі; дзеці ад шасці да васемнаццаці гадоў — 235 рублёў 85 капеек.

У сувязі са зменай БПМ з 1 лютага павялічыліся: мінімальныя працоўныя пенсіі; сацыяльныя пенсіі; даплаты пенсіянерам 75 гадоў і старэйшым, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне; надбаўкі да пенсій і павышэнні пенсiй асобным катэгорыям пенсіянераў; дапамогі па доглядзе інваліда I групы ці асобы, якая дасягнула 80 гадоў; дзяржаўныя дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей.

Пастановай Мінпрацы ад 23 студзеня № 5 таксама зацверджаныя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў для розных сацыяльна-дэмаграфічных груп у сярэднім на душу насельніцтва і на аднаго члена сям’і рознага складу з 1 лютага па 30 красавіка.

Для працаздольнага насельніцтва МСБ складае 451 рубель; пенсіянераў — 353 рублі 52 капейкі; студэнтаў — 333 рублі 88 капеек; дзяцей да трох гадоў — 284 рублі 17 капеек; дзяцей ад трох да шасці гадоў — 373 рублі 58 капеек; дзяцей ад шасці да васемнаццаці гадоў — 382 рублі 31 капейку; сям’і з чатырох чалавек — 351 рубель 28 капеек; маладой сям’і з трох чалавек — 382 рублі 11 капеек.

Мінімальны спажывецкі бюджэт уяўляе сабой расходы на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальнення асноўных фізіялагічных і сацыяльна-культурных патрэбаў чалавека. Сярэднедушавыя МСБ зацвярджаюцца штоквартальна пастановай Мінпрацы ў цэнах апошняга месяца квартала для шасці сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва і двух відаў сем’яў рознага складу.

Мінімальны спажывецкі бюджэт прымяняецца як сацыяльны нарматыў для прагназавання змен узроўню жыцця насельніцтва і ўзмацнення сацыяльнай падтрымкі маламаёмных грамадзян.

У цяперашні час сярэднедушавы МСБ сям’і з чатырох чалавек служыць асновай для вызначэння права грамадзян на атрыманне льготных крэдытаў і субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў, а таксама права грамадзян, якія пастаянна жывуць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч, на атрыманне льготных крэдытаў на капрамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў.

Удзельная вага асноўных артыкулаў спажывецкіх расходаў у МСБ сям’і з чатырох чалавек у цэнах снежня 2018 года характарызуецца наступнымі звесткамі: прадукты харчавання — 48,6%; адзенне, бялізна, абутак — 19,1%; жыллёва-камунальныя паслугі — 8,3%; бытавыя паслугі, транспарт, сувязь — 9,1%; мэбля, прадметы культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння — 9%; культурна-асветныя мерапрыемствы і адпачынак — 1,4%; узносы і плацяжы — 2,1%; лекавыя сродкі, прадметы санітарыі і гігіены — 2,4%.

belapan.by