У Беларусі павышаны бюджэт пражытачнага мінімуму
Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 22 ліпеня № 67 на перыяд з 1 жніўня па 31 кастрычніка зацверджаны новыя памеры бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах, паведаміла прэс-служба ведамства.
БПМ у сярэднім на душу насельніцтва ўстаноўлены ў памеры 256 рублёў 10 капеек, што на 3,8% вышэй у параўнанні з нарматывам, якія дзейнічаў з 1 мая па 31 ліпеня.
Памеры бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах: працаздольнае насельніцтва — 285 рублёў 4 капейкі; пенсіянеры — 193 рублі 92 капейкі; студэнты — 246 рублёў 72 капейкі; дзеці ва ўзросце да трох гадоў — 160 рублёў 79 капеек; дзеці ва ўзросце ад трох да шасці гадоў — 224 рублі 70 капеек; дзеці ва ўзросце ад шасці да васямнаццаці гадоў — 274 рублі 48 капеек.
У сувязі са змяненнем БПМ з 1 жніўня аўтаматычна пераглядаюцца ўбудаваныя ў сістэму сацыяльнай абароны розныя надбаўкі і павышэнні, а таксама асобныя сацыяльныя выплаты, якія вылічаюцца ад памеру БПМ: памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей; сацыяльныя пенсіі; даплаты пенсіянерам ва ўзросце 75 гадоў і больш, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне; дапамогі па доглядзе інваліда I групы альбо асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту; надбаўкі і павышэнні да пенсій, якія прадугледжаны для асобных катэгорый пенсіянераў.
Гэтыя выплаты павялічыліся суразмерна росту БПМ — на 3,8%.
belapan.by