У Беларусі павышаныя экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты



У Беларусі павышаныя стаўкі экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, што вывозяцца за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага звяза.

У адпаведнасці з пастановай Савета міністраў ад 27 студзеня № 42, стаўкі экспартных пошлін 1 лютага павышаныя: на сырую нафту, мазут, нафтавы бітум, вазелін і парафін, адпрацаваныя нафтапрадукты — да 43,8 долара за 1 т (раней — 38,7); на прамагонны бензін — да 24 долараў за 1 т (раней — 21,2); таварныя бензіны, дызельнае паліва, лёгкія, сярэднія дыстыляты, бензол, талуол, ксілолы, змазачнае масла — да 13,1 долара за 1 т (раней — 11,6).

Гэта другое сёлета змяненне ставак вывазных мытных пошлін у дачыненні да сырой нафты і асобных катэгорый тавараў, выпрацаваных з нафты. Раней яны былі змененыя 1 студзеня. На некаторыя пазіцыі пошліны былі зніжаныя.

belapan.by