У Беларусі плануецца змяніць парадак рэалізацыі драўніны



У Беларусі плануецца змяніць парадак рэалізацыі драўніны, рыхтуецца адпаведны праект указа, паведаміў 12 верасня журналістам міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа.

„Мы прапанавалі ўдасканаліць механізм рэалізацыі драўніны, і нас падтрымалі. Падрыхтоўка праекта ўказа на завяршальным этапе. Да гадавых таргоў нам неабходна выйсці ўжо з новымі падыходамі”, – сказаў Віталь Дрожжа.

Дакумент прадугледжвае тры асноўныя змяненні. „Па-першае, прапануем спалучаць бізнес-падыходы і дзяржаўныя патрэбы. Тыя прадпрыемствы дрэваапрацоўкі, якія прайшлі мадэрнізацыю і якім цяпер неабходна выплачваць крэдыты, не гатовы існаваць на роўных з брэндавымі інвестарамі ва ўмовах усё большага попыту на высакаякасную драўніну. Дзяржзаказ прадугледжвае, што на перыяд рэалізацыі інвестдагавора і вяртання краіне рэсурсаў, укладзеных у прадпрыемства, мы ім даём драўніну па прамых дагаворах па цане завода-вытворцы, якую будзе ўзгадняць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Дзяржава бачыць праблемы гэтых прадпрыемстваў і тое, што іх трэба падтрымаць”, – адзначыў міністр.

Другое змяненне, якое прапануецца, – магчымасць прадаваць незапатрабаваную ў краіне драўніну на экспарт. „Механізм прадугледжвае тры-чатыры фільтры, накіраваныя на тое, каб якасная драўніна не пакідала краіну і перапрацоўвалася тут. Невыкуплены на гадавых таргах аб’ём будзе аўтаматычна пераходзіць на квартальныя, а затым і бягучыя таргі. Гэта значыць, мы тройчы звяртаем увагу ўнутранага спажыўца на магчымасць купіць драўніну: калі не паспеў на гадавыя таргі, можно паўдзельнічаць у квартальных і бягучых”, – растлумачыў Віталь Дрожжа.

Па-трэцяе, плануецца пераход на рэалізацыю драўніны па еўрапейскіх гарманізаваных стандартах, гэта значыць без яе мэтавага прызначэння. На думку міністра, новыя падыходы дадуць магчымасць таксама ўлічыць інтарэсы буйных інвестараў, якія маюць патрэбу ў высакаякаснай сыравіне.

belta.by