У Беларусі плануюць павялічыць вытворчасць гарэлкі і фруктова-ягадных він
У 2022 годзе ў краіне плануецца павялічыць выпуск гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў. Таксама вырасце квота на вытворчасць фруктова-ягадных він, моцных спіртных напояў і іншай спіртазмяшчальнай прадукцыі, паведамляе 1reg.by.
Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў РБ №718 ад 14 снежня г.г., якая апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У прыватнасці, у дакуменце ўказана, што гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў у наступным годзе будзе выраблена 11 мільёнаў дэкалітраў (у 2021 годзе было 10,95 мільёна дал).
У параўнанні з сёлетнім годам плануецца павялічыць і вытворчасць фруктова-ягадных натуральных він (з 4,657 да 4,985 мільёнаў дал). Тое ж самае тычыцца вытворчасці спірту-сырцу этылавага, брэндзі і пеністых він.
Узрастае квота вытворчасці па пазіцыі „Напоі спіртныя моцныя”: у 2021 годзе аб’ём складаў 501 тысячу дал, а ў наступным ён можа павялічыцца да 752 тысяч дал.
Фота: onliner.by