У Беларусі плануюць змяніць умовы аплаты працы бюджэтнікаў
Праект указа аб умовах аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы кіраўніку дзяржавы быў прадстаўлены на нарадзе 3 снежня. Увайсці ў дзеянне дакумент павінен з 2020 года, наступны год стане падрыхтоўчым, паведамілі ў праграме „24 гадзіны” на тэлеканале СТВ.
„Часам нават не столькі самому работніку, колькі бухгалтару, прафесіяналу ў гэтай справе, вельмі складана зразумець усю сістэму фарміравання заработнай платы. Гэты нарматыўна-прававы акт накіраваны на нармальную, зразумелую сістэму аплаты працы, каб стабільная частка акладу была на ўзроўні 50-60%, астатняе — стымулюючыя надбаўкі”, — адзначыў першы віцэ-прэм’ер.
„Мы значна зніжаем адзіную тарыфную сетку. Безумоўна, самае галоўнае — гэта ні ў якай меры не павінна пагоршыць заработную плату работнікам. Мы мяркуем, што гэта хоць трохі, але павысіць. Але адназначнае патрабаванне прэзідэнта — ніякага пагаршэння”, — дапоўніў Турчын.
Паведамляецца, што Аляксандр Лукашэнка ўхваліў праект указа, але даручыў яшчэ раз уважліва выверыць дакумент, каб потым у ім не аказалася ніякіх тэхнічных памылак або недакладнасцяў.
Пры абмеркаванні пытання аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўрад прапануе досыць сур’ёзныя навіны.
„Паўсюдна ўніфікаваць, упарадкаваць, спрасціць, — сказаў Лукашэнка. — Любыя змены, якія прынясуць карысць, заўсёды будуць падтрыманыя. Але трэба памятаць, што такіх (работнікаў бюджэтнай сферы. — БелаПАН.) у нас 850 тысяч беларускіх грамадзян. І ніхто, акрамя дзяржавы, пра іх не паклапоціцца і не абароніць”.
Паводле звестак Белстата, у бюджэтных арганізацыях намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў студзені—кастрычніку 2018 года склала 724 рублі, у кастрычніку — 769,1 рубля, што на 23,5 рубля, або на 3,2%, больш, чым у верасні.
Рэальная заработная плата ў бюджэтных арганізацыях у студзені—кастрычніку 2018 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2017 года павялічылася на 14,8%, у кастрычніку 2018 года ў параўнанні з вераснем — на 2,7%.
Згодна з планамі ўрада ў 2019 годзе сярэдняя заработная плата ў Беларусі павінна скласці не менш як 1.025 рублёў. Зарплата ў бюджэтным сектары павінна быць не меншай за 80% ад сярэдняй, то бок, на ўзроўні 820 рублёў.
Фота Intex-press