У Беларусі працягнуць рэгуляваць цэны на значныя для грамадства тавары



Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі ўзгадніла Беларусі працяг тэрміну дзяржаўнага рэгулявання цэн на значныя для грамадства тавары на 90 дзён — з 18 ліпеня да 15 кастрычніка гэтага года ўключна, паведамляе прэс-служба калегіі.

Нагадаем, раней Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўвяло часовае дзяржаўнае рэгуляванне цэн на 26 таварных груп, уключаючы мяса, рыбу, малако, масла, курыныя яйкі.

„Трэба было не дапусціць спекулятыўнага росту ў краіне цэн на такія тавары ў сувязі з павелічэннем спажывецкага попыту, выкліканага пандэміяй каранавіруснай інфекцыі, а таксама ўвядзеннем шэрагам дзяржаў абмежавальных мер, звязаных з правядзеннем санітарна-каранцінных мерапрыемстваў, закрыццём межаў”, — падкрэсліваецца ў паведамленні прэс-службы ЕЭК.

Паводле звестак еўразійскай камісіі, пасля ўвядзення цэнавага рэгулявання сітуацыя на спажывецкім рынку Беларусі стабілізавалася, і ЕЭК узгадніла працяг цэнавага кантролю да 15 кастрычніка.

„Улічваючы, што ў перыяд дзеяння дзяржрэгулявання цэн зваротаў ад дзяржаў-членаў аб нязгодзе з рашэннем Беларусі ў камісію не паступала, ЕЭК падтрымала прапанову беларускага боку”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ЕЭК.

Як паведамлялася, вясной гэтага года пасля рэзкіх скачкоў курсаў замежных валют улады Беларусі ўзмацнілі кантроль за цэнамі. Спачатку ўрад забараніў усім юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам павышаць цэны больш чым на 0,5 працэнтнага пункта за месяц. Аднак затым правілы цэнавага кантролю памякчэлі.

Згодна з пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ад 15 красавіка, было ўведзенае часовае (на 90 дзён) дзяржрэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары шляхам абмежавання рэнтабельнасці вытворцаў прадукцыі.

У пералік сацыяльна значных тавараў увайшлі: рыба свежая (сямейства карпавых), масла, мука пшанічная, алей сланечнікавы і рапсавы, соль павараная харчовая, мяса (ялавічына, свініна, мяса курэй і куранят-бройлераў) (усяго 26 пазіцый).

Дзейнасць гандлёвых арганізацый, якія дапусцілі парушэнне ўведзенага кантролю за цэнамі, можа быць прыпыненая. Гэта прадугледжвае прэзідэнцкі ўказ № 143 ад 24 красавіка.

belapan.by