У Беларусі прыпыненая вытворчасць Geely



Завод „БелДжы” па выпуску аўтамабіляў Geely часова спыніў працу — з канца красавіка па сярэдзіну траўня, паведамілі БелаПАН на прадпрыемстве.

Як патлумачылі на заводзе, рашэнне аб прастоі на фоне пандэміі каранавіруса прынятае ў сувязі з нерытмічнымі пастаўкамі камплектуючых з Кітая, а таксама складанасцямі з продажам машын у Расею. Кітайскі завод Geely толькі нядаўна запрацаваў пасля зняцця каранціну, пастаўкі камплектуючых адтуль ідуць не ў поўным аб’ёме. У Расеі да канца красавіка дзейнічаюць абмежавальныя меры. З-за іх узнікаюць складанасці з адгрузкай беларускіх аўтамабіляў.

„Каб захаваць працоўныя месцы і заработную плату, прынятае рашэнне прыпыніць завод. Ніякай ахавай сітуацыі няма. Сітуацыя кіраваная. Я думаю, да сярэдзіны мая ўсё нармалізуецца, і мы будзем нармальна працаваць”, — распавяла намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы, кадрах і сацыяльных пытаннях СЗАТ „БелДжы” Таццяна Юркіна.

На час прастою работнікам выплацяць па 2/3 ад акладу. Як запэўнілі на прадпрыемстве, часовае спыненне завода не адаб’ецца на продажы і абслугоўванні аўтамабіляў Geely ў Беларусі.

„На самай справе ў нас цяпер больш выгадная сітуацыя, чым у астатніх брэндаў, у якіх спыніліся пастаўкі, таму што не працуюць заводы і стала складана з лагістыкай. У нас ёсць выбар на складзе. У любы момант мы можам дагрузіць дылеру любую мадэль. Што тычыцца продажу і абслугоўвання машын, то сітуацыя для спажыўцоў не зменіцца”, — паведаміў начальнік аддзела маркетынгу і рэкламы СЗАТ „БелДжы” Уладзімір Падымака.

Паводле дадзеных Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, у першым квартале гэтага года дылерамі было прададзена 2.588 аўтамабіляў Geely. У параўнанні з мінулым годам продаж вырас на 67,8% за кошт ажыятажнага попыту на рынку. У сакавіку красовер Geely Atlas стаў самай прадаванай мадэллю ў Беларусі, абагнаўшы Volkswagen Polo і Lada Vesta.

У красавіку трафік у салонах у параўнанні з сакавіком істотна знізіўся, але на „БелДжы” спадзяюцца, што лічбы па продажах па выніках чатырох месяцаў будуць нядрэнныя.

Завод „БелДжы” вырабляе красоверы Geely Atlas (ад 37.300 рублёў), Geely Emgrand X7 (ад 32.900 рублёў) і Geely Coolray (ад 40.900 рублёў), а таксама седан Geely Emgrand 7 (ад 26.400 рублёў). З красавіка цэны на мадэлі ў сярэднім выраслі на 6%. Набыць машыны можна па льготных крэдытах.