Пяты раз з пачатку сакавіка падаражэла аўтамабільнае паліва
Цана аўтамабільнага паліва 15 красавіка ў Беларусі павысілася на адну капейку. Пра гэта сведчыць інфармацыя на сайце дзяржаўнага канцэрна „Белнафтахім”.
Рознічныя цэны на аўтамабільнае паліва цяпер складаюць: АІ-92-К5 — 1,16 рубля за літр, АІ-95-К5 — 1,24 рубля, ДТ-К5 — 1,28 рубля.
Цэны на нафтапрадукты ў Беларусі рэгулюе дзяржава. Цяпер цэны выраслі пяты раз крыху больш чым за месяц. Яны павышаліся кожны раз на адну капейку — 11 сакавіка і 18 сакавіка, а таксама 1 і 8 красавіка. Да гэтага цэны на паліва ў Беларусі не мяняліся каля двух гадоў.
„Павышэнне цэн на нафтапрадукты жыццёва неабходнае для НПЗ. Варта разумець, што рэзкага росту не адбудзецца, змяненне цэн будзе паэтапным і паступовым”, — каментаваў раней „Белнафтахім”.
14 красавіка ў Белнафтахіме адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускіх сетак АЗС. У мерапрыемстве, якое правёў выконваючы абавязкі намесніка старшыні канцэрна Сяргей Каморнікаў, прынялі ўдзел кіраўнікі кампаній „Газпрамнафта-Белнафтапрадукт”, „Юнайтэд Компані”, „Татнафта-Белнафтапрадукт”, „НафтаХімТрэйдынг”, „Лукойл Беларусія”, „Астатрэйдынг”, „РН-Захад, „Слаўнафтахім”.
Бакі абмеркавалі аспекты цэнавай палітыкі пры рэалізацыі нафтапрадуктаў. Арганізацыі — уладальнікі АЗС адзначылі нізкую або адмоўную рэнтабельнасць працы па выніках першага квартала 2017 года з-за нізкіх цэн на маторнае паліва, абмежаванай маржынальнасці продажу. Адзначалася, што рост у красавіку нафтавых каціровак практычна нівеліраваў станоўчы эканамічны эфект ад павышэння рознічных цэн на бензін і дызпаліва як для НПЗ, так і для сетак АЗС.
„У выступленнях кіраўнікоў сетак АЗС падкрэслівалася, што яны зацікаўленыя ў эканамічна абгрунтаваных цэнах, якія забяспечаць эфектыўнасць бізнесу і падтрымаюць дастатковы аб’ём рэалізацыі нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку Беларусі. Узровень цэн на беларускіх АЗС, які дазваляе дасягнуць гэтых мэтаў, выступоўцы вызначылі ў памеры на 5—10% вышэй, чым у смаленскім рэгіёне суседняй Расійскай Федэрацыі”, — гаворыцца ў паведамленні” Белнафтахіма”.
belapan.by