У Беларусі распрацоўваюць канцэпцыю падатковай амністыі
У Беларусі распрацоўваюць канцэпцыю падатковай амністыі ды новыя нацыянальныя стандарты па супрацьдзеянні хабарніцтву. Пра гэта заявіў генеральны пракурор Андрэй Швед.

Па яго словах, якія перадае прэс-служба Генеральнай пракуратуры, у нашай краіне распрацаваны комплекс мер па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.
Прыярытэтнымі напрамкамі на 2023-2025 гады называюцца аптымізацыя сістэмы дзяржзакупак і закупак за кошт уласных сродкаў, удасканаленне інстытутаў адказнасці за карупцыю, у тым ліку юрыдычных асоб, прававая асвета. Для далейшага ўдасканалення фінансавага кантролю створана міжведамасная працоўная група. Яна вывучае магчымасць увядзення электроннага дэкларавання даходаў і маёмасці.
„Акрамя таго, распрацоўваецца канцэпцыя падатковай амністыі, якая прадугледжвае вызваленне ад адказнасці асоб пры добраахвотным дэклараванні схаваных даходаў і актываў”, — заявіў генпракурор.
