У Беларусі расце цікавасць да крэдытаў у юанях
У Беларусі расце папулярнасць крэдытаў у кітайскіх юанях, у некаторых банках аб’ёмы крэдытавання ў гэтай валюце павялічыліся ў разы, піша Office Life.
За I квартал года карпаратыўны сектар атрымаў крэдыты на 203 млн юаняў. У параўнанні з крэдытамі ў іншых валютах гэта пакуль няшмат. 203 млн юаняў — гэта прыкладна $30 млн.
А крэдытаў у рублях за гэты ж перыяд было выдадзена на $1,5 млрд. Але з ростам беларуска-кітайскага таваразвароту павялічваецца і цікавасць да крэдытаў у юанях. У Банку ВТБ да прыкладу, кажуць, што з пачатку гэтага года юаневы крэдытны партфель вырас у 5 разоў.
Папулярнасць крэдытаў звязаная з невысокім коштам, а таксама магчымасцю зэканоміць на валютна-абменных аперацыях і курсавых розніцах, калі гаворка ідзе пра крэдыты, якія бяруць пад гандлёвыя аперацыі з КНР.