У Беларусі рыхтуюць пакет мер па барацьбе з кіберзлачынствамі



 Беларускія ўлады ініцыююць пакет мер для ўзмацнення барацьбы з кіберзлачынствамі.

Паводле інфармацыі БелаПАН, адным з ініцыятараў такіх рашэнняў выступае Нацыянальны банк. Да цяперашняга часу пры ўдзеле рэгулятара банкаўскай сістэмы падрыхтаваны праект дзяржрашэння, які прадугледжвае аператыўнае блакаванне фішынгавых інтэрнэт-сайтаў (ілжывых сайтаў, якія ствараюцца, як правіла, для здзяйснення ашуканскіх дзеянняў).

Акрамя гэтага, улады рыхтуюць праект дзяржаўнага рашэння, мэта якога — паскоранае блакаванне сродкаў, якія былі выведзеныя ашуканцамі. Дакумент таксама прадугледжвае паскарэнне працэсу вяртання такіх сродкаў законапаслухмяным грамадзянам.

Улады таксама маюць намер узмацніць абароненасць банкаўскай сістэмы ад кіберзлачынстваў з дапамогай укаранення аўтаматызаванай сістэмы рэагавання на інцыдэнты ў сферы інфармацыйнай бяспекі.

У сярэдзіне студзеня Нацбанк распаўсюдзіў паведамленне аб новых схемах, якія сталі выкарыстоўваць ашуканцы для вымантачвання грашовых сродкаў у законапаслухмяных грамадзян.

У прыватнасці Нацыянальны банк заявіў, што ашуканцы сталі тэлефанаваць грамадзянам Беларусі і называцца супрацоўнікамі цэнтральнага банка. Таксама Нацбанк акцэнтаваў увагу на з’яўленні новых фішынгавых інтэрнэт-сайтаў.

„Асобна звяртаем увагу на выпадкі стварэння фішынгавых сайтаў вядомых гандлёвых пляцовак і сэрвісаў, такіх як Kufar і „Белпошта”, а таксама інтэрнэт-банкінгаў банкаў. Вонкава гэтыя сайты і спасылкі максімальна ідэнтычныя арыгінальным”, — паведамляў у студзені Нацбанк.

Генеральны пракурор Андрэй Швед у студзені гэтага года, выступаючы з дакладам перад Аляксандрам Лукашэнкам, паведаміў аб рэзкім павелічэнні колькасці кіберзлачынстваў у 2020 годзе. Паводле яго слоў, калі ў 2019 годзе было зарэгістравана крыху больш за 10 тысяч такіх злачынстваў, то ў 2020-м — больш за 25 тысяч.

„Скарыстаўшыся ў пэўнай ступені трохі нервовым становішчам, нагнятаннем, адцягненнем праваахоўнага блока на тое, каб спыніць дэстабілізацыю грамадскай бяспекі, кібермахляры (большасць з-за мяжы) кінуліся падманваць нашых грамадзян: даверлівых пенсіянераў, іншых асоб. І адбыўся такі рост”, — растлумачыў Швед рэзкі рост колькасці кіберзлачынстваў у 2020 годзе.

belapan.by