У Беларусі сабралі электрамабіль. Пакуль – эксперыментальны
Прэзентацыя мадэлі, створанай на базе GeelySC7 беларускай зборкі, прайшла 22 жніўня.
Нацыянальная акадэмія навук прэзентавала першы беларускі электрамабіль. Яго стварэнне заняло каля года, паведаміў генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Сяргей Паддубка. Ён таксама распавёў пра асноўныя тэхнічныя характарыстыкі аўтамабіля, які праектуецца пад гарадскія ўмовы.
Магутнасць рухавіка склала 60 кВт, або каля 80 л.с. Максімальная хуткасць падчас прэзентацыі на палігоне – 110 км/г. Стваральнікі паабяцалі пры неабходнасці паступова нарошчваць магчымасці аўтамабіля.
Назапашвальнік электраэнергіі аўтамабіля можна зараджаць як ад звычайнай электрычнай разеткі, так і ад адмысловай зараднай прылады. „Калі напружанне 220 В, то ён зараджаецца шэсць гадзін, калі зарадка на большы ток, то каля чатырох гадзін”, – адзначыў Сяргей Паддубка.
Эксперыментальны электрамабіль створаны на базе серыйнай машыны GeelySC7 беларускай зборкі. Стваральнікі плануюць адпрацаваць аптымальныя кампановачныя рашэнні ў частцы электракампанентаў, удакладніць іх характарыстыкі і прыступіць да стварэння паўнавартаснай вопытнай мадэлі, прыняцця рашэнняў па засваенні яе вытворчасці ў Беларусі.
Уся кампанентная база цягавага электрапрываду аўтамабіля лакалізаваная ў Беларусі. Імпартным элементам з’яўляецца толькі цягавая батарэя – назапашвальнік электраэнергіі, конкурс на пастаўку якой выйграла расейская кампанія „Энер зэт” (Санкт-Пецярбург). Пастаўлена задача асвоіць вытворчасць батарэй у Беларусі.