У Беларусі сярэдні заробак зніжаецца другі месяц запар
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, рэальны заробак (з улікам росту спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у лютым 2018 года ў параўнанні з лютым 2017-га павялічыўся на 12,9%.
Разам з тым сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў лютым гэтага года ў параўнанні са студзенем знізілася на 8,6 рубля (на 1%) і склала 850,4 рубля. У студзені 2017 года яна была роўная 720,7 рубля, у лютым — 716,5, сакавіку — 770,6, красавіку — 776,7, маі — 795,2, чэрвені — 819,3, ліпені — 827,5, жніўні — 844,4, верасні — 831,3, кастрычніку — 841, лістападзе — 836,9, снежні — 995,3 рубля.
У студзені 2018-га ў параўнанні са снежнем 2017 года — знізілася на 136,3 рубля (на 13,7%) і склала 859 рублёў.
Паводле звестак Белстата, найбольшая сярэднямесячная налічаная зарплата работнікаў сярод рэгіёнаў традыцыйна была ў Менску — 1.190,4 рубля, найменшая — у Магілёўскай вобласці (719,7). У Берасцейскай вобласці сярэдняя зарплата склала 731,6 рубля, у Віцебскай — 726,6, Гомельскай — 772,3, Гарадзенскай — 721,5, Менскай — 841,9.
Самы вялікі заробак па-ранейшаму атрымліваюць IT-спецыялісты: у лютым 2018 года ён склаў 3.604,6 рубля. Самая маленькая зарплата была ў цырульнікаў — 403,7 рубля. Такім чынам, у мінулым месяцы ў IT-спецыялістаў сярэдні заробак быў у 8,9 разу большы, чым у работнікаў цырульняў і салонаў прыгажосці.
У катэгорыю найбольш высокааплатных уваходзяць: работнікі паветранага транспарту — іх сярэдні заробак у лютым 2018 года склаў 2.052,9 рубля (у тым ліку работнікаў пасажырскага транспарту — 2.106,4, грузавога — 1.755,4); фінансісты і страхоўшчыкі — 1.633,4; работнікі нафтаперапрацоўкі — 1.529,4; хімічнай прамысловасці — 1.452,7; работнікі горназдабыўнай прамысловасці — 1.392,2; работнікі тэлекамунікацыйнай галіны — 1.322,4; інжынеры-праекціроўшчыкі — 1.319,9; супрацоўнікі галаўных арганізацый — 1.290; архітэктары, бухгалтары, юрысты — 1.216,3; аптавікі — 1.197,8; геолагі і картографы — 1.153,9; навукоўцы — 1.126,4; работнікі фармацэўтычнай прамысловасці — 1.030,7 рубля.
Нізкая зарплата ў творчых і сацыяльных работнікаў — адпаведна 550,9 і 508,7 рубля, работнікаў бібліятэк, музеяў, архіваў — 494,3 рубля.
Сярэдняя лютаўская зарплата работнікаў транспартнай сферы склала 956,1 рубля, прамысловасці — 921,4, будаўніцтва — 841,3, рознічнага гандлю — 710,8, аховы здароўя — 675,9, адукацыі — 615,2, сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі — 583,8 рубля.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада давесці сярэднюю зарплату да 1.000 рублёў да канца 2017 года. Падчас рабочай паездкі ў Слуцкі раён 16 лютага гэтага года ён адзначыў нізкія заробкі настаўнікаў, работнікаў дзіцячых садкоў і малодшага медперсаналу, хоць, паводле яго слоў, „праца ў іх каласальная”. „І ў культуры, сацыяльным забеспячэнні… Паціху іх трэба падцягваць вышэй, і за кошт іх у гэтым годзе мы павінны перавысіць адну тысячу рублёў заработнай платы. Вядома, зарплата будзе расці і ў высокааплатнага, і ў сярэдняга звяна, але мой кантроль — за гэтым пластом насельніцтва, які атрымлівае нізкую зарплату”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
„Таму за квартал мы выходзім на адну тысячу і крыху больш і далей патрошку ў залежнасці ад росту эканомікі пачынаем дабаўляць заработную плату. Дзесьці зэканоміць трэба, дзесьці менш спаліць, але людзям трэба даць зарплату. Гэта і стымуляванне ўнутранага попыту, дарма ігнаруем яго”, — лічыць Лукашэнка.
„Я ведаю, што стаіць за гістарычна нізкім узроўнем інфляцыі і амаль тысячай рублёў у снежні. Вы ж літаральна выціснулі з прадпрыемстваў гэтую сярэднюю тысячу ў канцы года. Але дзве траціны насельніцтва практычна гэтай зарплаты не бачылі. У паловы — ніжэй за шэсцьсот пяцьдзясят рублёў. А 10% насельніцтва краіны змаглі зарабіць не больш за трыста рублёў”, — заявіў Лукашэнка 2 сакавіка падчас справаздачы ўрада.
Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што пакуль не бачыў графіка росту зарплаты на 2018 год. „Паводле маёй інфармацыі, дасягненне і ўтрыманне ў 2018 годзе заработнай платы на ўзроўні тысячы рублёў не пацвярджае ні адна з абласцей. Гэта таксама кажа пра тое, што вы пакуль не здольныя яе забяспечыць”, — сказаў Лукашэнка.