У Беларусі скарацілі колькасць АЗС для запраўкі фураў з Еўразвязу
У Беларусі скарацілі колькасць АЗС для запраўкі фураў з Еўразвязу. Засталося ўсяго восем заправак.

У траўні летась сярод захадаў у адказ на санкцыі ЕЗ беларускія ўлады абавязалі кіроўцаў фураў з нумарамі краінаў ЕЗ запраўляцца толькі на пэўных АЗС. У спіс увайшло 15 заправак каля 10 пунктаў пропуску, побач з якімі арганізаваная перачэпка грузаў. На такіх АЗС устаноўленыя спецыяльныя кошты паліва, большыя, чым на звычайных запраўках. Цяпер у гэтым спісе застаецца ўсяго восем заправак:
– дзве АЗС для грузавікоў, якія заязджаюць праз пункт пропуску «Казловічы», а таксама дзве ў «Прывалцы» і дзве ў „Відзах”.
– Адна запраўка прадугледжаная дакументам для пунктаў пропуску „Беняконі” і адна для „Бераставіцы”.
За запраўку еўрапейскага грузавіка ў іншых, не прызначаных для гэтага месцах, прадугледжаныя штрафы ад 2 да 100 базавых велічыняў (на гэты момант базавая – 37 рублёў).
