У Беларусі спрошчаны парадак дзяржрэгістрацыі і дзяржуліку транспарту



Савет міністраў унёс карэктывы ў палажэнне аб парадку дзяржаўнай рэгістрацыі і дзяржаўнага ўліку транспартных сродкаў, зняцця з уліку і ўнясення змяненняў у дакументы, звязаныя з іх рэгістрацыяй. Адпаведнае рашэнне замацавана пастановай урада ад 18 кастрычнiка 2018 года № 747.

Дакумент накіраваны на спрашчэнне парадку ажыццяўлення працэдур дзяржрэгістрацыі і зняцця з уліку транспартных сродкаў на падставе заяў грамадзян і юрыдычных асоб, паведамляе прэс-служба ўрада.

Так, даецца магчымасць зняцця з уліку транспартнага сродку ў любым рэгістрацыйным падраздзяленні незалежна ад месца рэгістрацыі. Скасаваны абавязак прадастаўлення для агляду транспартнага сродку пры рэгістрацыі транспартных сродкаў, якія не былі ў эксплуатацыі, год выпуску якіх супадае з бягучым або папярэднім каляндарным годам і рэалізаваных юрыдычнымі асобамі.

Акрамя таго, палажэннем прадугледжана забеспячэнне магчымасці аказання прадаўцом (лізінгадаўцам) паслугі па ажыццяўленні дзяржрэгістрацыі транспартнага сродку перад перадачай яго пакупніку (лізінгаатрымальніку).

Таксама вызначаны парадак анулявання дзяржрэгістрацыі транспартнага сродку.

Пастанова набывае моц праз тры месяцы пасля яе афіцыйнага апублікавання.

belapan.by