У Беларусі сталі падрабляць 100-рублёвую банкноту



У Беларусі ўпершыню выяўленая падробленая 100-рублёвая банкнота, гаворыцца ў аглядзе Нацыянальнага банка аб выяўленых у 2018 годзе падробленых грашовых знаках, які атрымалі камерцыйныя банкі.

Як паведамляе рэгулятар, у банкаўскай сістэме летась было выяўлена 11 падробленых беларускіх рублёў узору 2009 года (у 2017 годзе — 23), якія ўпершыню папоўніліся банкнотамі наміналаў 100 і 5 рублёў.

У 2018 годзе, канстатуе Нацбанк, выяўленая адна падробленая банкнота наміналам 100 рублёў, тры — наміналам 50 рублёў, пяць — наміналам 20 рублёў і дзве падробленыя банкноты наміналам 5 рублёў.

Згодна са звесткамі Нацбанка, паводле вынікаў 2018 года банкаўскімі работнікамі было выяўлена 900 падробленых грашовых знакаў, з якіх 894 — падробленыя банкноты, 6 — падробленыя манеты. У параўнанні з 2017 годам агульная колькасць выяўленых падробленых грашовых знакаў зменшылася на 13%.

„Асноўную колькасць выяўленых падробленых грашовых знакаў традыцыйна склалі долары ЗША — 52,8%. Доля падробленых расійскіх рублёў склала 30%, падробленых еўра — 13%, падробленых грашовых знакаў іншых замежных дзяржаў (турэцкія ліры, кітайскія юані, фунты стэрлінгаў) — 2,3%”, — паведамляе Нацбанк.

Доля падробленых беларускіх рублёў у агульнай колькасці выяўленых падробак склала 1,9%.

Больш за ўсё банкаўскія работнікі ў 2018 годзе выявілі падробленых банкнот наміналам 100 долараў і 5.000 расейскіх рублёў. За 2018 год у Беларусі было выяўлена 436 банкнот наміналам 100 долараў (у 2017 годзе — 449) і 196 — наміналам 5.000 рублёў (221). Такім чынам, на банкноты наміналам 100 долараў і 5.000 рублёў прыпала больш за 70% агульнай колькасці выяўленых падробак.

belapan.by