У Беларусі створаная Аўдытарская палата



У Беларусі створаная Аўдытарская палата. Устаноўчы сход з удзелам прадстаўнікоў аўдытарскіх арганізацый і аўдытараў – індывідуальных прадпрымальнікаў адбыўся 5 лістапада ў Менску.

Як паведаміла Міністэрства фінансаў, на сходзе быў прыняты шэраг асноватворных рашэнняў: прыняты статут аўдытарскай палаты, выбраныя члены праўлення і кантрольна-рэвізійнай камісіі.

«Стварэнне першай самарэгуляванай аўдытарскай арганізацыі Беларусі – аўдытарскай палаты Рэспублікі Беларусь – з’яўляецца сурʼёзным крокам наперад для ўсёй аўдытарскай супольнасці, пераходам на новую ступень развіцця аўдыту ў краіне, абумоўленым гісторыяй і атрыманым вопытам», – адзначае Мінфін.

Улетку была прынятая новая рэдакцыя закона «Аб аўдытарскай дзейнасці», якая прадугледжвае стварэнне аўдытарскай палаты. Прадугледжваецца, што палата будзе кантраляваць якасць паслуг, якія аказваюць аўдытарскія арганізацыі.

«Мы спадзяемся, што ў выніку дзейнасці палаты якасць паслуг на рынку аўдыту вырасце», – падкрэсліла ў інтэрвʼю БелаПАН у чэрвені гэтага года начальнік галоўнага ўпраўлення банкаўскага нагляду Нацбанка Алена Машніна.

Між тым удзельнікі рынка адзначаць, што да апошняга часу ў Беларусі адсутнічаў належны кантроль за якасцю аўдытарскіх паслуг.

«На беларускім рынку існуюць праблемы з вонкавым кантролем якасці аўдытарскіх паслуг», – заявіла ў чэрвені ў каментары БелаПАН партнёр-кіраўнік міжнароднай аўдытарскай кампаніі KPMG у Беларусі Ірына Верашчагіна. Паводле яе слоў, аўдытары заяўляюць абсалютна розны кошт сваіх паслуг. Пры выбары аўдытара, лічыць Верашчагіна, павінен брацца пад увагу не толькі кошт паслугі, але і іншыя крытэрыі, такія як якасць, рэпутацыя кампаніі, магчымасць выканаць неабходную працу наяўнымі рэсурсамі ва ўстаноўлены тэрмін.

БелаПАН