У Беларусі створаны Савет па развіцці беспілотнага аўтатранспарту



У Беларусі створаны Савет па развіцці беспілотнага аўтамабільнага транспарту пад старшынствам намесніка прэм’ер-міністра Уладзіміра Кухарава. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў Беларусі ад 14 лiстапада 2018 года № 823.

Дакументам таксама зацверджана палажэнне аб Савеце і яго склад. Згодна з палажэннем, Савет з’яўляецца пастаянна дзейным кансультатыўным органам, які ажыццяўляе каардынацыю дзейнасці па развіцці беспілотнага аўтамабільнага транспарту.

Арганізацыйнае і інфармацыйнае забеспячэнне дзейнасці Савета ажыццяўляецца Міністэрствам транспарту і камунікацый.

У сакавіку 2017 года Аляксандр Лукашэнка пасля наведвання кампаній, якія працуюць у сферы высокіх тэхналогій, даручыў распрацоўваць беларускія беспілотныя аўтамабілі.

У мае 2017 года дырэктар Парку высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі і генеральны дырэктар Uber па рэгіёне Еўропы, Блізкага Усходу і Азіі П’ер-Дзімітры Гор-Каці падпісалі ў Менску пагадненне аб супрацоўніцтве. Ключавыя напрамкі супрацоўніцтва прадугледжваюць адкрыццё ў парку цэнтра навукова-тэхнічных распрацовак Uber, а таксама сумесную працу ў сферы беспілотнага транспарту.

21 снежня 2017 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 8 „Аб развіцці лічбавай эканомікі”, якім прадугледжаная сістэма мер па лібералізацыі ўмоў вядзення дзейнасці ў сферы новых і высокіх тэхналогій, у тым ліку па ўдасканаленні прававога статусу рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій (ПВТ). У прыватнасці, да 1 студзеня 2049 года прадоўжаны тэрмін дзеяння спецыяльнага прававога рэжыму ПВТ, рэзідэнтамі якога могуць у тым ліку стаць кампаніі, занятыя распрацоўкай і абслугоўваннем сістэм беспілотнага кіравання транспартам.

belapan.by