У Беларусі сёмае месца па ўзроўні інфляцыі сярод краін былога СССР



Беларусь заняла сёмае месца на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у студзені—лістападзе 2019 года, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз дадзеных нацыянальных органаў статыстыкі (у студзені—кастрычніку — шостае месца, у студзені—верасні — пятае, студзені—жніўні — шостае, студзені—ліпені — чацвёртае, студзені—чэрвені і студзені—маі — шостае).

З пачатку года цэны ў краіне павялічыліся на 4,2%. Вышэйшай інфляцыя была ва Узбекістане (13,3%), Таджыкістане (7%), Грузіі, Малдове (па 6,6%), Казахстане (4,7%) і ва Украіне (4,3%). Менш выраслі цэны ў Расеі (на 2,7%), Латвіі (на 2,5%), Літве (на 2,4%), Кыргызстане, Эстоніі (на 2,1%) і Азербайджане (на 1,8%). У Арменіі адзначана дэфляцыя (0,5%). Па Туркменістане дадзеныя не апублікаваныя.

У лістападзе цэны ў Беларусі павысіліся на 0,2% — гэта дзясяты паказчык пасля Узбекістана (1,7%), Арменіі (1,1%), Грузіі, Кыргызстана (па 0,9%), Малдовы (0,8%), Казахстана (0,7%), Таджыкістана (0,6%), Азербайджана (0,5%) і Расеі (0,3%). Ззаду Украіна (0,1%). У Літве цэны не змяніліся, у Эстоніі — знізіліся на 0,2%, у Латвіі — на 0,3%.

У самаабвешчаным Прыднястроўі, якое мае ўласную фінансавую сістэму, цэны павялічыліся за 11 месяцаў 2019 года на 4,3% (за лістапад — на 0,2%).

БелаПАН