У Беларусі тэхналогіяй 4G актыўна карыстаюцца больш за 3,1 млн абанентаў



У Беларусі тэхналогіяй сувязі і перадачы дадзеных 4G актыўна карыстаюцца больш за 3,1 млн абанентаў, заявіў міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган 2 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

„Хацелася б, каб гэтай тэхналогіяй карысталася больш абанентаў і гэта — задача бліжэйшай будучыні”, — падкрэсліў ён. Міністр адзначыў, што ў цэлым абанентаў сотавай сувязі ў краіне зараз налічваецца 11,5 мільёна. „Гэта значыць, абанентаў ужо больш, чым жыхароў Беларусі ў цэлым”, — падкрэсліў Шульган.

Пры гэтым, паводле яго слоў, паслугамі сотавай рухомай электрасувязі па тэхналогіі LTE (4G) ахоплена 75,7% насельніцтва рэспублікі. Гэтыя паслугі даступныя ў Менску, усіх абласных і раённых цэнтрах, а таксама іншых населеных пунктах з колькасцю жыхароў большай за 50 тысяч.

„Далейшае развіццё сетак сотавай рухомай электрасувязі чацвёртага пакалення (LTE) будзе ажыццяўляцца шляхам пашырэння тэрыторыі аказання паслуг за кошт будаўніцтва новых базавых станцый”, — сказаў кіраўнік Мінсувязі.

Сетка LTE Advanced (4G) у Беларусі запусцілі ў камерцыйную эксплуатацыю 17 снежня 2015 года. Яе будаўніцтвам займаецца падкантрольны дзяржаве інфраструктурны аператар beCloud (СТАА „Беларускія воблачныя тэхналогіі”) для наступнага прадастаўлення яе ў карыстанне аператарам „МТС”, life:) і velcom.

LTE-частоты інфраструктурнаму аператару даюцца эксклюзіўна. beCloud абслугоўвае сетку, размяркоўваючы паміж аператарамі на роўных умовах доступ да інфраструктуры. Пры гэтым ён не працуе з абанентамі наўпрост: паслугі і тарыфы вызначаць самі аператары.

Скарыстацца паслугамі інфраструктурнага аператара LTE-сеткі змогуць не толькі мабільныя аператары. Яго кліентамі змогуць быць і кампаніі, якія жадаюць стаць віртуальнымі аператарамі, і інтэрнэт-правайдары без галасавой сувязі.

У адпаведнасці з рашэннем дзяржкамісіі па радыёчастотах пры Савеце бяспекі beCloud праводзіць доследную эксплуатацыю радыёэлектронных сродкаў рухомай службы сістэмы сотавай рухомай электрасувязі стандарту LТE/LТE-Advanced Pro і IMT-2020 (5G NR Non-Standalone). Гэтая назва неаўтаномнай архітэктуры 5G, якая будзе выкарыстоўвацца на першай стадыі, калі кампаніі будуць выкарыстоўваць існуючыя базавыя станцыі LTE. Доследная эксплуатацыя павінна завяршыцца 30 чэрвеня 2019 года.

belapan.by