У Беларусі тэстуюць аўтобусы, якія лунаюць над зямлёй



У Беларусі тэстуюць аўтобусы, якія рухаюцца над зямлёй, перадае тэлеканал «СВЕТ 24». Інавацыйны транспарт перамяшчаецца па струнных рэйках. Шлях пракладзены на спецыяльных апорах.

Па словах генеральнага канструктара Анатоля Юніцкага, такая эстакада можа быць загружана ў тры разы больш за звычайную з тым жа расходам матэрыялаў. Яна таксама цвярдзейшая за звычайную. Такім чынам, можна паменьшыць матэрыялаёмістасць і кошт у тры-пяць разоў.

Плануецца, што можна будзе завесці асабісты вагончык на такіх рэйках, а таксама можна іх выкарыстоўваць як грамадскі транспарт. Прычым, не толькі для гарадскіх, але і для міжнародных маршрутаў. Такі састаў з Менска ў Маскву набярэ хуткасць да 500 кіламетраў у гадзіну і даставіць людзей у канчатковы пункт за паўтары гадзіны.

Такая высакахуткасная траса нятанная. Яе кошт складзе тры мільёны даляраў за кіламетр. Але канструктары перакананыя, што інавацыя ў будучыні заменіць традыцыйныя віды транспарту, бо яна экалагічная, бяспечная і выгадная. Па падліках стваральнікаў, акупнасць праекта складзе 5-7 гадоў, а высакахуткасных трас нават менш. Такі струнны транспарт таксама зможа перавозіць грузы да 200 мільёнаў тон у год.

Навінкай ужо зацікавіліся Індыя, Інданезія, краіны Персідскага заліва. У СНД – Малдова, Кыргызстан і Расея.

Усе матэрыялы для вытворчасці рухомага складу і рэйкі вырабляюцца ў Беларусі. Індыя ўжо заявіла пра сваё жаданне мець струнны транспарт і нават падпісала дагавор аб узаемадзеянні з урадам аднаго з штатаў.

sb.by

Фота Скайвэй