У Беларусі ў сярэднім на 5% павышаныя пенсіі
1 лістапада ў Беларусі ў сярэднім на 5% павышаныя пенсіі.
Указ прэзідэнта № 377 „Аб павышэнні пенсій” ад 17 кастрычніка прадугледжвае пераразлік працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы ў краіне. Пенсіі будуць скарэктаваныя зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў, прымененай пры папярэднім пераразліку пенсій.
Паводле звестак Белстата, у верасні сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў параўнанні са жніўнем не змяніўся і складаў 308,2 рубля. У ліпені, чэрвені і маі — 306,6 рубля (на 50 капеек больш, чым у красавіку, сакавіку і лютым), у жніўні вырас на 1,6 рубля.
Пры гэтым рэальны памер прызначаных пенсій (з улікам росту спажывецкіх цэн) у верасні знізіўся ў адносінах да жніўня на 0,7% (да верасня 2016 года — вырас на 1%). Рэальная пенсія зніжалася працяглы час. Яе рост адносна папярэдняга месяца назіраўся ў жніўні і снежні 2016 года (на 0,4 і 4,2% адпаведна), а таксама ў ліпені і жніўні 2017 года — на 0,1 і 1,6% адпаведна.
У верасні на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне знаходзілася 2 млн 578,5 тыс. пенсіянераў. Сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 303,3 рубля, што ў два разы перавысіла бюджэт пражытачнага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва. Сярэдні памер пенсіі па інваліднасці склаў 275,4 рубля, у сувязі са стратай карміцеля — 210,1 рубля, сацыяльных пенсій — 183,7 рубля. БелаПАН