У Беларусі ўпершыню ўстаноўлены тарыф для зарадкі электрамабіляў



У Беларусі ўпершыню ўстаноўлены тарыф на электрычную энергію, якая адпускаецца ДВА „Белэнерга” і выкарыстоўваецца для зарадкі электрамабіляў, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Гэты тарыф уводзіцца з 1 траўня і складае Br0,15693 (без ПДВ) за 1 кВт/гадз, што ніжэй за агульны тарыф для арганізацый, якія працуюць у сферы паслуг, на 48 працэнтаў.

Як растлумачылі ў МАРГ, тарыф устаноўлены для далейшага развіцця рынку электрамабіляў, які з’яўляецца даволі перспектыўным і хуткарослым. „Рашэнне аб устанаўленні тарыфу на электрычную энергію накіравана на стымуляванне спажывання электраэнергіі электрамабілямі і, як вынік, замяшчэнне спажывання нафтапрадуктаў, што вырабляюцца з імпартнай нафты, электраэнергіяй, выпрацаванай на айчынных электрастанцыях, у тым ліку БелАЭС”, – адзначылі ў прэс-службе.

Паколькі тарыф на электрычную энергію прымяняецца ў адносінах да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аказваюць паслугі па зарадцы электрамабіляў, ён падлягае індэксацыі на змяненне курсу беларускага рубля да долара ЗША ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Пры фарміраванні тарыфу Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю зыходзіла з неабходнасці пакрыцця затрат на вытворчасць электраэнергіі і атрымання энергазабеспячальнымі арганізацыямі мінімальна неабходнага прыбытку для расшыранага ўзнаўлення.

Указаны тарыф супастаўны з тарыфам на электрычную энергію для насельніцтва, што забяспечвае поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на яе выпрацоўку. Такім чынам, асноўны спажывец гэтай паслугі – насельніцтва, атрымае магчымасць ажыццяўляць зарадку аўтамабіля самастойна ў дамашніх умовах або атрымліваць паслугу па зарадцы аўтамабіля пры дапамозе зарадных станцый юрыдычных асоб або індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аказваюць такія паслугі, на супастаўных умовах.

У МАРГ адзначылі, што дзяржаўнаму рэгуляванню падлягае сам тарыф на электрычную энергію, у той час як тарыф на аказанне паслугі па зарадцы аўтамабіляў будзе вызначацца суб’ектам гаспадарання самастойна, зыходзячы з кан’юнктуры рынку з улікам затрат на куплю электрычнай энергіі па названым тарыфе і іншых затрат, звязаных з аказаннем паслугі.

belta.by