У Беларусі ўступіла ў сілу пастанова-дадатак да Дэкрэта „Аб дармаедах”
У пастанове № 16 Міністэрства па падатках і зборах прапісаныя тэрміны і формы выплаты так званага падатку на сацыяльнае ўтрыманства.
Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Новікаў працаваў выкладчыкам больш за 17 год у гомельскім універсітэце спажывецкай кааперацыі. Кантракт з ім быў спынены без усялякіх тлумачэнняў з боку адміністрацыі.
Мікалай Новікаў здзіўляецца таму, як дзяржава праводзіць палітыку ў сферы занятасці.
– Закон аб дармаедстве – гэта апофеоз эканамічнай думкі. У крытычнай эканамічнай сітуацыі, калі скараціўся ВУП на 3, 3 адсоткаў, калі прамысловасць упала больш, чым на 7 адсоткаў. У гэтых умовах кіраўніцтва краіны, Савет Міністраў не прапаноўвае нічога такога значнага, а самая “значная ініцыятыва” – гэта дэкрэт аб дармаедах.
Грамадзяне Беларусі, якія ўладкуюцца на афіцыйную працу пазней ліпеня гэтага году, ужо не змогуць адпрацаваць 183 дні. Гэта значыць, яны будуць абавязаныя ў наступным годзе выплаціць 20 базавых велічыняў за ўхіленне ад фінансавання дзяржаўных выдаткаў.
Беларускае Радыё Рацыя