У Беларусі ўвялі адзіныя правілы абмену валюты для ўсіх банкаў

Многія беларускія банкі з 1-га ліпеня пачалі прымаць валюту паводле новых правілаў. У Беларусі прынялі адзіны пералік прыкметаў плацежнасці банкнотаў у замежнай валюце. Да адпаведнага пагаднення далучыліся 17 банкаў. Раней кожны банк сам вызначаў, якія купюры ён прымае. Гэтыя патрабаванні грунтаваліся на патрабаваннях Нацбанка, замежных банкаў-партнёраў або банкаў-пасярэднікаў, з якімі заключаліся дамовы на вываз банкнот.
Пасля ўвядзення санкцый з Беларусі стала больш складана вывозіць старыя купюры і завозіць новыя. У абарачэнні з’явілася шмат банкнот з дэфектамі, якія банкі паводле старых правілаў прымаць не маглі. Цяпер можна будзе здаць купюры, якія раней у абменніках не прымалі. Напрыклад, раней банкі адхілялі купюры, на якіх стаялі два штампікі, прычым адзін быў на вадзяным знаку. Цяпер дапускаецца не больш за тры візуальна бачныя малюнкі/надпісы. Прымуць у абменніках і купюры з надрывамі.
