У Беларусі ўзмоцніцца адказнасць за самавольнае будаўніцтва



У Беларусі створаная міжведамасная рабочая група для падрыхтоўкі прапаноў аб узмацненні адказнасці за самавольнае будаўніцтва аб’ектаў і вызначэнні парадку дзеянняў у дачыненні да такіх аб’ектаў. Адпаведнае распараджэнне 30 чэрвеня падпісаў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.

Узначаліў рабочую групу міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, рабочай групе даручана зрабіць захады для правядзення рэвізіі аб’ектаў самавольнага будаўніцтва ў рэгіёнах; выпрацаваць прапановы аб адзіным пераліку крытэрыяў, якія з’яўляюцца падставамі для аднясення аб’ектаў да аб’ектаў самавольнага будаўніцтва ў сувязі з істотнымі парушэннямі горадабудаўнічых і будаўнічых нормаў і правілаў, а таксама адмовы ў прыняцці рашэння аб працягу будаўніцтва або прыёме аб’екта самавольнага будаўніцтва ў эксплуатацыю і яго дзяржаўнай рэгістрацыі.

Акрамя гэтага, рабочая група павінна будзе распрацаваць парадак прызнання незаконнымі рашэнняў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў пры выяўленні крытэрыяў, якія з’яўляюцца падставамі для аднясення аб’ектаў да аб’ектаў самавольнага будаўніцтва; а таксама забяспечыць распрацоўку праекта палажэння, якое рэгламентуе парадак дзеянняў у выпадку прыняцця рашэнняў аб зносе аб’ектаў самавольнага будаўніцтва, канфіскацыі альбо прывядзенні такіх аб’ектаў у стан згодна з зацверджаным раней праектам.

Пры неабходнасці да працы групы будуць прыцягваць кіраўнікоў і спецыялістаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных ураду, аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкама.

belapan.by