У Беларусі восьмы раз з пачатку года падвышаюцца цэны на бензін



На аўтазаправачных станцыях Беларусі 12 траўня рознічныя цэны на дызельнае паліва і аўтамабільны бензін будуць павялічаныя на капейку, паведамляе дзяржканцэрн „Белнафтахім”.

Кошт літра бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1 рубель 28 капеек, АІ-95-К5-Еўра — 1 рубель 36 капеек, АІ-98-К5-Еўра — 1 рубель 57 капеек, ДТ — 1 рубель 36 капеек.

У 2018 годзе бензін даражэў сем разоў: 8 лютага — на дзве капейкі, 10, 15, 24 і 30 сакавіка, 4 і 14 красавіка — на капейку. Дызпаліва даражэла шэсць разоў (у лютым—сакавіку сінхронна з бензінам) і таннела — двойчы (14 красавіка і 27 красавіка — абодва разы на капейку).

Раней крыніца ў нафтахімічнай галіне заявіла, што на працягу некалькіх месяцаў плануецца павысіць беларускія цэны на аўтамабільнае паліва да ўзроўню цэн на памежных запраўках у Расеі. Меркавалася, што гэты этап павышэння ўнутраных цэн на паліва будзе доўжыцца да траўня.

Як адзначалі спецыялісты, рашэнне аб паэтапным павышэнні цэн на паліва абумоўленае стратнай дзейнасцю нафтаперапрацоўчых заводаў. У пачатку гэтага года страты ад рэалізацыі паліва на ўнутраным рынку прыкладна ў два разы перавышалі прыбытак заводаў ад рэалізацыі прадукцыі на экспарт.

У 2017 годзе цана паліва павялічвалася сем разоў, а да гэтага больш як два гады (пасля 13 студзеня 2015 года) не мянялася.