У Беларусі вырасла заработная плата асобных катэгорый бюджэтнікаў



У Беларусі 1 верасня павышана заработная плата работнікаў бюджэтных арганізацый. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 31 жніўня 2018 года № 632 „Аб устанаўленні памеру тарыфнай стаўкі першага разраду і павышэнні заработнай платы асобным катэгорыям работнікаў”, паведаміла прэс-служба ўрада.

Згодна з пастановай з 1 верасня 2018 года тарыфныя стаўкі (аклады) павышаны: педагагічным работнікам (уключаючы асоб з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу) і памочнікам выхавальнікаў — на 20%; фармацэўтычным работнікам, якія маюць вышэйшую фармацэўтычную адукацыю (правізары), — на 75%; фармацэўтычным работнікам, якія маюць сярэднюю спецыяльную фармацэўтычную адукацыю (фармацэўты), — на 40%.

Таксама павышаны тарыфныя стаўкі (аклады) работнікам арганізацый аховы здароўя, структурных падраздзяленняў медыцынскіх навуковых арганізацый, што ажыццяўляюць медыцынскую дзейнасць (за выключэннем устаноў, што ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд), якія займаюць пасады хіміка, вядучага хіміка, біёлага, вядучага біёлага і якія выконваюць комплексныя шматэтапныя малекулярна-біялагічныя даследаванні, імунаферментныя даследаванні, даследаванні ў галіне клетачнай медыцыны, якія займаюць пасады медыцынскага фізіка, вядучага медыцынскага фізіка, інжынера, вядучага інжынера і якія выконваюць працу па сінтэзе, фармакапейным аналізе і дазіметрычным кантролі радыефармацэўтычных лекавых сродкаў, абслугоўваюць і эксплуатуюць медыцынскае дыягнастычнае абсталяванне для прамянёвай дыягностыкі, апараты і камп’ютарныя сістэмы для правядзення планавання, рэалізацыі і гарантыі якасці прамянёвай тэрапіі, — на 100%.

Акрамя таго, устаноўлены даплаты: урачам-спецыялістам, у тым ліку тым, якія з’яўляюцца кіраўнікамі, — у памеры 20% аклада; медыцынскім работнікам, якія маюць сярэднюю спецыяльную медыцынскую адукацыю, — 13% аклада.

Дакументам таксама прадугледжана павышэнне з 1 кастрычніка 2018 года тарыфнай стаўкі першага разраду для работнікаў бюджэтных арганізацый з 34 да 35,5 рубля, або на 4,4%.

Такім чынам, сярэдняя заработная плата работнікаў бюджэтных арганізацый за 2018 год складзе 742 рубля, у тым ліку за снежань — 858 рублёў, у сярэднім за IV квартал — 801 рубель.

Суадносіны сярэдняй заработнай платы ў бюджэтнай сферы з заработнай платай па рэспубліцы за 2018 год складуць 79%.

Як паведамлялася, у бюджэтных арганізацыях намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў студзені—ліпені 2018 года склала 715,2 рубля, у ліпені — 741 рубель, што на 10,5 рубля, або на 1,4%, менш, чым у чэрвені 2018 года.

Рэальная зарплата ў бюджэтных арганізацыях у студзені—ліпені бягучага года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2017-га павялічылася на 15,5%, у ліпені 2018 года ў параўнанні з чэрвенем — зменшылася на 1,2%.

Для параўнання: намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата работнікаў арганізацый краіны (без мікраарганізацый і малых арганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці) у студзені—ліпені 2018 года склала 919,9 рубля, у тым ліку ў ліпені — 973,8 рубля, што на 20,1 рубля, або на 2,1%, больш, чым у чэрвені 2018 года.   БелаПАН