У Беларусі ёсць запасы грэчкі на пяць месяцаў
У Беларусі ёсць запасы грэчкі на пяць месяцаў, паведаміў сёння, 26 сакавіка, на прэс-канферэнцыі намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун.
„У нас сёння дастатковая колькасць збожжавых для таго, каб забяспечыць краіну мукамольна-крупяной прадукцыяй. Па ячных, аўсяных крупах у нас ёсць лішкі. Што датычыцца грэчкі, сёння на камбінатах хлебапрадуктаў ёсць запасы саміх круп і сыравіны для яе вытворчасці на пяць месяцаў. Нам да новага ўраджаю гэтага дастаткова. Сёння ў магазінах грэчка ёсць”, – сказаў Уладзімір Гракун.
Акрамя аб’ёмаў, якія ёсць на камбінатах хлебапрадуктаў, яшчэ 1300 т збожжа ёсць у дзяржаўным рэзерве. Пры неабходнасці яны будуць выкарыстаны. „Гэта значыць крупамі, мукой мы забяспечаны. А што датычыцца мяса-малочнай прадукцыі, мы цалкам забяспечваем сваё насельніцтва і маем экспартны патэнцыял. Лішкі мы будзем прадаваць на экспарт”, – адзначыў намеснік міністра.