У Беларусі з-за пандэміі інтэрнэт-крамам могуць дазволіць гандляваць алкаголем



У Беларусі юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам можа быць дадзена права гандляваць алкагольнымі напоямі праз інтэрнэт-крамы. Адпаведны праект пастановы ўрада, з якім азнаёміўся БелаПАН, падрыхтавала Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Права гандляваць алкаголем інтэрнэт-крамы могуць атрымаць да канца 2020 года. У абгрунтаванні да праекта дзяржаўнага рашэння гаворыцца, што дакумент падрыхтаваны „ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй”.

„У мэтах забеспячэння празрыстасці і кантролю за ажыццяўленнем такой дзейнасці, а таксама зніжэння магчымых рызык здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у частцы продажу алкагольнай прадукцыі непаўналетнім” МАРГ прапаноўвае зацвердзіць спецыяльныя правілы продажу алкагольнай прадукцыі праз інтэрнэт-крамы.

У прыватнасці, абавязковае пацвярджэнне пакупніком на сайце дасягнення 18-гадовага ўзросту, а таксама прад’яўленне дакумента, які пацвярджае ўзрост, пры куплі алкагольнага напою. Разлікі за алкагольныя напоі, набытыя ў інтэрнэт-крамах, дапускаюцца толькі ў безнаяўнай форме. Пры перадачы алкагольнай прадукцыі прадавец павінен будзе весці відэа- і аўдыязапіс.

Варта адзначыць, што з-за скарачэння наведвальнасці бараў і рэстаранаў, а таксама іншых месцаў гандлю алкаголем продаж спіртных напояў скараціўся. Па гэтай прычыне ва ўмовах пандэміі ініцыятыва дазволіць гандаль алкаголем праз інтэрнэт-крамы цяпер разглядаецца на дзяржаўным узроўні як у Беларусі, так і ў Расеі.

Прадстаўнікі дзелавой супольнасці выказваюць розныя меркаванні па пытанні таго, ці трэба гэта рабіць. „Калі адпаведная тэхналагічная аснова для арганізацыі і кантролю продажу алкаголю ў інтэрнэце будзе створана, то запусціць інтэрнэт-гандаль спіртнымі напоямі цалкам магчыма”, — адзначыў у каментары БелаПАН кіраўнік камітэта Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў па бізнес-камунікацыях Раман Касціцын.

На яго думку, у Беларусі, якая пазіцыянуе сябе як ІТ-краіна, цалкам рэальна стварыць тэхналагічныя рашэнні, якія дазволяць арганізаваць інтэрнэт-гандаль спіртным па правілах, вызначаных дзяржавай. „Іншая справа, які алкаголь прадаваць у інтэрнэце? На мой погляд, тут варта было б правесці рысу паміж слабым і моцным алкаголем і дазволіць гандляваць інтэрнэт-крамам толькі слабаалкагольнымі напоямі. Даступнасць моцнага алкаголю прыводзіць да алкагалізацыі насельніцтва. Змяніць сітуацыю мы зможам, калі зможам пераключыць увагу насельніцтва на слабаалкагольную прадукцыю”, — перакананы Касціцын.

Іншыя прадстаўнікі дзелавой супольнасці лічаць, што ў цяперашнім выглядзе падрыхтаваны праект адпаведнай пастановы ўрада прымаць нельга.

„У Беларусі ёсць і „шэры”, і „белы” рынак інтэрнэт-гандлю бытавой тэхнікай і электронікай. Тое ж самае адбудзецца і з алкаголем, калі ў цяперашнім выглядзе прымаць праект пастановы аб інтэрнэт-гандлі спіртнымі напоямі. Могуць пачаць прадаваць алкаголь непаўналетнім, а акрамя гэтага могуць з’явіцца ў абароце і несертыфікаваныя напоі”, — выказаў меркаванне ў каментары БелаПАН генеральны дырэктар Асацыяцыі кампаній інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Ананьеў.

На яго думку, дазваляць інтэрнэт-гандаль алкаголем можна толькі тады, калі будуць прынятыя жорсткія меры, якія перашкаджаюць дзейнасці нелегальных гандляроў. „Схема, з якой сутыкаўся асабіста: тавар дастаўляе чалавек, які не знаходзіцца ні ў якіх адносінах з інтэрнэт-крамай і прадае прадукцыю без чэка”, — кажа Ананьеў.

Каб уводзіць інтэрнэт-гандаль алкагольнай прадукцыяй, у дзяржавы павінны быць дзейсныя меры па аператыўным блакаванні сайтаў нелегальных прадаўцоў, лічыць ён.

„Цяпер выносіць рашэнні аб блакаванні сайтаў Мінінфарм. У іншых дзяржорганаў, у тым ліку ў МАРГ, МПЗ, таксама павінны быць магчымасці і паўнамоцтвы рэагаваць на актыўнасць нядобрасумленных гандляроў і аператыўна блакаваць адпаведныя інтэрнэт-пляцоўкі. У адваротным выпадку разлічваць на тое, што інтэрнэт-гандаль алкаголем будзе весціся ў адпаведнасці з заканадаўствам, не варта”, — мяркуе Ананьеў.

belapan.by

Фота techdrinks.info