У Беларусі запрацаваў Адзіны рэестр пустых дамоў
У Беларусі мясцовыя органы ўлады ўключыліся ў папаўненне Адзінага рэестра пустых дамоў, паведамляе Дзяржкаммаёмасць.
Рэестр створаны дзяржорганамі для выяўлення, уліку і скарачэння колькасці жылых дамоў, якія пустуюць. Атрымаць інфармацыю з рэестра можа любы ахвочы. Пры гэтым можна ўдакладніць характарыстыкі дома, месцазнаходжанне, стан, узрост.
Пакуль у Адзіным рэестры пустых дамоў сабрана інфармацыя аб 1200 аб’ектах жылой нерухомасці. У спіс патрапілі дамы, у дачыненні да якіх вядзецца пошук уласніка, і тыя, якія вырашана прадаваць.
Азнаёміцца з Адзіным рэестрам пустых дамоў можна на сайце eri2.nca.by, для гэтага пры аўтарызацыі трэба выбраць укладку „Увайсці як госць”. Далей па фільтры можна адабраць актуальныя параметры аб’ектаў.
Раней паведамлялася, што на 1 верасня 2022 года ў Беларусі ў сельскай мясцовасці зарэгістравана каля 7 тыс. пустых дамоў і каля 2,5 тыс. старых дамоў. Купіць такія дамы ў мясцовай улады можна праз аўкцыён або па прамым продажы.