У Беларусі запушчаная тысячная базавая станцыя сеткі LTE (4G)



Колькасць базавых станцый LTE перавысіла ў Беларусі адну тысячу. Пра гэта паведамляюць тэхнічныя спецыялісты інфраструктурнага аператара beCloud.

Аператар beCloud займаецца будаўніцтвам сеткі LTE Advanced (4G) для наступнага давання яе ў карыстанне ўсім зацікаўленым аператарам. Паслуга 4G, якая працуе на аснове сеткі beCloud, даступная абанентам мабільных аператараў „МТС” і Life:). Мабільныя аператары паведамлялі пра перавышэнне двухмільённай мяжы па колькасці падлучаных абанентаў да сеткі 4G.

Аператар прааналізаваў вынікі працы LTE-сеткі за два з паловай гады эксплуатацыі і зафіксаваў рост папулярнасці тэхналогіі сярод беларускіх карыстальнікаў. Са студзеня па май 2018 года карыстальнікі высакахуткаснага інтэрнэту згенеравалі 33 тысячы тэрабайт трафіку. Агульны аб’ём загружаных дадзеных складае 70 тысяч тэрабайт (270 тэрабайт за суткі).

Тысячная базавая размешчаная ў раёне населенага пункта Быкачына, у кітайска-беларускім індустрыяльным парку „Вялікі камень”. Усяго ж за апошнія месяцы ў LTE-сетку beCloud было ўключана 129 новых базавых станцый — як у буйных гарадах, так і дробных населеных пунктах краіны.

Тэхналогія 4G з’явілася і працягнула пашыраць сваё пакрыццё ў Менску, Гомелі, Берасці, Віцебску, Гародні, Магілёве, Жодзіне, Лагойску, Бабруйску, Маладзечне, Салігорску, Барысаве, Заслаўі, Баранавічах, Пінску, Мазыры, Воршы, Браславе, Полацку, Наваполацку і яшчэ ў сарака пяці беларускіх гарадах.

Да канца 2017 года beCloud запусціў тэхналогію высакахуткаснай перадачы дадзеных у больш чым ста населеных пунктах Беларусі, карыстальнікі 4G да гэтага часу ў дзесяць разоў павялічылі аб’ёмы спажыванага LTE-трафіку.

У планах першага інфраструктурнага аператара — працягваць развіццё тэхналогіі ў Беларусі. Найбліжэйшым часам beCloud плануе пакрыць доступам да тэхналогіі чацвёртага пакалення ўсе гарады з колькасцю насельніцтва ад пяцідзесяці тысяч чалавек.

СТАА „Беларускія воблачныя тэхналогіі” (beCloud) — інфраструктурны аператар, створаны на падставе ўказа прэзідэнта ў 2012 годзе. Дзейнасць beCloud заключаецца ў праектаванні, будаўніцтве, абсталяванні і эксплуатацыі апорнай сеткі перадачы дадзеных для Адзінай рэспубліканскай сеткі перадачы дадзеных; рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі дадзеных; сеткі чацвёртага пакалення LTE; участка транзітнай магістралі сеткі электрасувязі па тэрыторыі Беларусі.

belapan.by