У Беларусі запусцілі першы магістральны нафтапрадуктаправод



У Беларусі запусцілі першы магістральны нафтапрадуктаправод Наваполацк – Фаніпаль. Нафтапрадуктаправод агульнай працягласцю 292 км пачаў працаваць у поўным аб’ёме.

Нафтапрадуктаправод дае магчымасць пастаўляць дызельнае паліва і бензін трубаправодным транспартам ад ААТ „Нафтан” да складоў захоўвання нафтапрадуктаў „Беларуснафты” ў Крулеўшчыне Віцебскай вобласці і ў Фаніпалі Менскай вобласці.

Яго першы ўчастак у пачатку 2017 года звязаў наваполацкі „Нафтан” і нафтабазу ў Крулеўшчыне. Пабудаваны другі пускавы комплекс забяспечыць транспарціроўку нафтапрадуктаў у цэнтральную частку краіны – на самую вялікую беларускую нафтабазу ў Фаніпалі. Гэта дасць магчымасць пастаўляць у сталічны рэгіён да 1 млн т аўтамабільнага паліва ў год.

Праект рэалізаваны ААТ „Полацктранснафта Дружба”, для якога эксплуатацыя нафтапрадуктаправода з’яўляецца новым відам дзейнасці. Агульны кошт інвестпраекта склаў больш за Br70 млн. Паводле ацэнак, укладанні могуць акупіцца за 5-7 гадоў.

Як адзначыў намеснік старшыні канцэрна „Белнафтахім” Уладзімір Сізоў, першы нафтапрадуктаправод – гэта стратэгічны праект для ўсёй галіны, паколькі ён дае магчымасць забяспечваць транспарціроўку паліва аператыўна і з найменшымі затратамі. Прычым нафтабаза ў Фаніпалі можа забяспечваць не толькі сталіцу і Менскую вобласць, але і, напрыклад, асобныя рэгіёны Берасцейскай, Гарадзенскай і Магілёўскай абласцей.

Намеснік генеральнага дырэктара ВА „Беларуснафта” Сяргей Каморнікаў удакладніў, што кошт прапампоўкі паліва з Наваполацка да Фаніпаля па нафтапрадуктаправодзе прыкладна на 25 працэнтаў ніжэйшы, чым пры дастаўцы чыгуначным транспартам.

Адказваючы на пытанне аб праектаванні такіх аб’ектаў у будучым, Сяргей Каморнікаў сказаў, што ўжо доўгі час абмяркоўваецца магчымасць будаўніцтва так званага паўднёвага прадуктаправода – ад Мазырскага НПЗ у бок Польшчы праз нафтабазы ў Пінску, Кобрыне, населеным пункце Бярнады-Прылукі працягласцю каля 550 км. Аднак канчатковага рашэння пакуль не прынята. Пытанне знаходзіцца на стадыі эканамічнага абгрунтавання інвестыцый.

zviazda.by