У Беларусі змянілі правілы выдачы льготных крэдытаў на навучанне ў ВНУ
Саўмін прыняў пастанову аб выдачы льготных крэдытаў на навучанне ў беларускіх ВНУ. Атрымаць ільготны крэдыт на навучанне змогуць толькі тыя беларусы, якія атрымліваюць першую вышэйшую адукацыю. Яго могуць атрымаць студэнты-платнікі дзённай формы навучання ў дзяржаўных ВНУ, ВНУ спажывецкай кааперацыі і ВНУ Федэрацыі прафсаюзаў.
Аформіць крэдыт можна ў „Беларусбанку” толькі пасля паступлення, прычым не толькі на самога студэнта, але і на аднаго з яго бацькоў, калі той мае пастаянны даход. Жывыя грошы на рукі выдаваць не будуць — банк проста пералічыць іх на рахунак ВНУ. Ёсць умова: для атрымання крэдыту сярэдні даход на кожнага члена сям’і на працягу папярэдняга года не павінен перавышаць 350% бюджэту пражытачнага мінімуму, гэта значыць, не вышэй за 1189 рублёў.
Калі студэнта адлічваюць, то крэдыт прыйдзецца вярнуць на працягу года. Прычым пра льготу 50% гаворка тады ўжо не ідзе, трэба аддаваць па працэнтах удвая большую суму і на працягу месяца пасля адлічэння.
Беларускае Радыё Рацыя