У Беларусі зноў даражэе аўтамабільнае паліва



25 лістапада кошт аўтамабільнага паліва на АЗС Беларусі зноў павялічыцца на капейку, паведамляе канцэрн „Белнафтахім”.

Кошт бензіну АІ-95-К5-Еўра складзе 1,52 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,73 рубля, ДТ — 1,52 рубля за літр. Кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра не зменіцца.

„Змена цэн на нафтапрадукты працягваецца з мэтай кампенсацыі выдаткаў НПЗ па набыцці вуглевадароднай сыравіны”, — гаворыцца ў паведамленні „Белнафтахіма”.

Як адзначаюць у канцэрне, за 20 дзён лістапада сярэдняя цана нафты склала 68 долараў ЗША за бараль. У цэлым за студзень—лістапад у адносінах да аналагічнага перыяду мінулага года рост сярэдняй цаны нафты для беларускіх НПЗ у доларавым эквіваленце склаў прыблізна 33%, у рублёвым — прыблізна 40%. Пры гэтым цэны на маторнае паліва з пачатку гэтага года былі павялічаныя на 18%.

„Такім чынам, у лістападзе 2018 года для айчынных нафтаперапрацоўчых заводаў захоўваецца апераджальны рост цэн на нафту ў параўнанні з цэнамі на нафтапрадукты”, — падкрэслівае „Белнафтахім”.

Заўтрашняе падаражанне паліва стане 25-й зменай цэн на яго ў 2018 годзе. Апошні раз цэны былі павялічаныя на капейку 18 лістапада.

Пра тое, што цэны на паліва на АЗС будуць змяняцца паступова, заявіў старшыня „Белнафтахіма” Андрэй Рыбакоў 15 лістапада ў Наваполацку (Віцебская вобласць) на сустрэчы з калектывам ААТ „Нафтан”. Паводле яго слоў, прынятае павелічэнне цэн не кампенсавала змены кошту сыравіны, нават з улікам пачатку зніжэння кошту нафты за апошнія тыдні. „Рашэнне аб павелічэнні альбо зніжэнні цаны на маторнае паліва прымаецца пасля ўважлівага аналізу сітуацыі па некалькіх паказчыках: кошт нафты, курс беларускага рубля, дынаміка цэн у суседніх краінах, падатковы складнік. У любым выпадку цэны на АЗС Беларусі будуць змяняцца паступова, без рыўкоў”, — сказаў Рыбакоў.

belapan.by