Канцэрн „Белнафтахім” зацвердзіў новыя кошты на паліва
Ціха і без непатрэбнага анансавання канцэрн „Белнафтахім” зацвердзіў новыя кошты на паліва. З 19 жніўня цэннікі на АЗС краіны перапісалі. Псіхалагічная цэнавая столь ў 10 000 за літр бензіна АІ-95 пераадоленая.
Кошты на бензін і дызельнае паліва, якія рэалізуюцца праз АЗС, павялічыліся ў сярэднім на 4,3%. Як заявілі ў канцэрне, перагляд зроблены ў мэтах кампенсацыі змены курсу беларускага рубля ў адносінах да замежных валют.
Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць такое тлумачэнне глупствам.
– Долар не падаражэў, а патаннеў, пакупніцкія здольнасці долара ўпалі. Намінальна вырас, але ён рос не так хутка, як кошты ў рублях. Гэта гаворыць пра недасведчанасць чыноўнікаў, якія прымаюць гэтыя законы. Чаму выраслі на самай справе кошты на паліва – гэта пытанне.
Гэта другое ў гэтым годзе падаражанне аўтамабільнага паліва, папярэдняе адбылося 8 ліпеня. Яно дадало да цэнніка кожнага віду паліва па 500 рублёў. У гэты раз паліва падаражэла на 400 рублёў, у той час як даляр па курсе Нацыянальнага банка толькі на 170 беларускіх рублёў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Канцэрн «Белнафтахім» 19 жніўня абвясціў пра другое ў цяперашнім годзе падаражэнне аўтамабільнага паліва. Рост цэнаў склаў 4-4,8%.
«Перагляд цэн зроблены ў мэтах кампенсацыі змены курсу беларускага рубля ў дачыненні да замежных валют», — чытаем у паведамленні канцэрна.
Першае ў 2014 годзе падвышэнне кошту бензіну і дызпаліва (на 5,2-6,3%) адбылося 8 ліпеня «ў мэтах частковай кампенсацыі адмоўнага ўплыву змены курсу беларускага рубля ў дачыненні да замежных валют, а таксама ў мэтах паэтапнага збліжэння цэн на нафтапрадукты ў Рэспубліцы Беларусь і Расейскай Федэрацыі».
У 2013 годзе цэны на аўтамабільнае паліва падвышаліся пяць разоў, у 2012-м — чатыры разы. У 2011 годзе кошт паліва павышаўся 11 разоў і зніжаўся адзін раз. Тады ў Менску прайшлі масавыя акцыі пратэсту аўтамабілістаў «Стоп-бензін».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота novosti-n.org